Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вайра Віке-Фрэйбэрга: «Ніводны чалавек ва ўмовах дыктатуры ня можа адчуваць сябе ўпэўнена» 11:42, 26/01/2005
Гэта заявіла ў інтэрвію сёньняшняй аўстрыйскай “Die Presse” прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга, маючы на ўвазе Беларусь і яе кіраўніцтва. Паводле словаў кіраўніцы Латвіі, кожны, хто сёньня ў Беларусі паспрабуе хоць неяк пакрытыкаваць рэжым Лукашэнкі, абавязкова адчуе самы жорсткі перасьлед. Беларуская дзяржава робіць усё, каб за праяву самай маленькай ініцыятывы зьдзейсьніць ціск на грамадзянскую супольнасьць альбо ўзяць пад кантроль мэдыі.
Як паведамляе «Радыё Свабода», спадарыня Фрэйбэрга вельмі занепакоеная прысудам былому беларускаму амбасадару ў Латвіі Міхаілу Марынічу, супраць якога, лічыць яна, была сфабрыкаваная крымінальная справа. Сапраўдная ж прычына пакараньня Марыніча ў тым, што ён не выключаў свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата ад апазыцыі, перакананая прэзыдэнт Латвіі.
На пытаньне аўстрыйскага журналіста, ці магчымае ў Беларусі тое ж разьвіцьцё падзеяў, што і ва ў суседняй Украіне, прэзыдэнт Латвіі адказвае наступным чынам:
“Вельмі цяжка ўявіць сабе падобныя зьмены найбліжэйшым часам. Аднак, што будзе, ня ведае ніхто. Украіна вельмі яскрава прадэманстравала, наколькі спантанна можа заявіць пра сябе грамадзянская супольнасьць. Ніводзін чалавек ва ўмовах дыктатуры ня можа адчуваць сябе ўпэўнена. Зьмены могуць настаць вельмі хутка, і цябе таксама могуць зьмяніць”. Минск, Белоруссия