Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Нямеччыне адкрылася выстава пра ліквідацыю Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту 11:40, 26/01/2005
У Франкфурце-на-Одэры, у адным з памяшканьняў Эўрапейскага ўнівэрсытэту Віядрына адкрылася фотавыстава “Мы працягваем”, прысьвечаная гісторыі закрыцьця ўладамі ў Менску Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Выстава адбываецца ў рамках канфэрэнцыі бэрлінскага зьвязу ўсходнеэўрапейскіх экспэртаў “JOE-fixe”. На ёй прадстаўлены некалькі дзесяткаў фотаздымкаў пра апошнія падзеі, зьвязаныя з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам. Замест подпісаў – загалоўкі артыкулаў дзяржаўнай і незалежнай прэсы. Арганізатары выставы – былыя студэнты ЭГУ, якія цяпер вымушаныя працягваць адукацыю ў нямецкім унівэрсытэце Віядрына, і студэнцкі зьвяз гэтай навучальнай установы “Лагода”, які займаецца беларускай тэматыкай.
Фотавыстава “Мы працягваем” будзе знаходзіцца ў Віядрыне да 10 лютага. Але яе арганізатары спадзяюцца, што гэта будзе доўгатэрміновы праект і фотаздымкі пабачаць ва ўнівэрсытэтах – Баўгарыі, Нямеччыны, Ірляндыі, Італіі, Расеі, ЗША, Францыі і Чэхіі – дзе на гэты час працягваюць навучаньне былыя студэнты ЭГУ, паведамляе «Радыё Свабода».
Нагадаем, што ў ліпені 2004 года загадам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова была скасаваная ліцэнзія ЭГУ на адукацыйную дзейнасьць. Прэзыдэнцкая адміністрацыя запатрабавала ад унівэрсытэту пакінуць памяшканьні. У студзені 2004 года ўлады запатрабавалі адстаўкі рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. Рэктар гэта зрабіць адмовіўся. Акадэмік Міхайлаў адзначае, што ў выніку ліквідацыі ўнівэрсытэта аказаліся разбуранымі лёсы тысяч людзей, нанесены непапраўны ўрон прэстыжу Беларусі. Сотні студэнтаў расьсеяныя па ўнівэрсытэтах розных краін, многія выкладчыкі згубілі працу. У 2004 годзе Беларусь сталі называць краінай, у якой зачыняюць унівэрсытэты.