Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юры Бандажэўскаму адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні 11:10, 01/02/2005
Камісія папраўчай калёніі-пасяленьня №26, якая знаходзіцца ля вёскі Гэзгялы ў Дзятлаўскім раёне, адмовіла зьняволенаму прафэсару Юрыю Бандажэўскаму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Юры Бандажэўскі адбыў дзьве траціны тэрміну зьняволеньня і паводле закону ў яго была магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня. Прафэсар ня меў парушэньняў дысцыпліны, а ягонае здароўе апошнім часам значна пагоршылася. Аднак камісія не ўзяла да ўвагі гэтыя абставіны і адмовіла ў вызваленьні ў сувязі з тым, што прафэсар не прызнае сваёй віны і не аплачвае запазычанасьцяў па судзе.
Паводле Галіны Бандажўскай, такое рашэньне камісіі ёй было вядома загадзя.
“Мне начальнік калёніі Васіль Каляда сказаў, што будзе адмоўлена, таму што на яго ідзе вялікі ціск кіраўніцтва зьверху, каб ён неяк матываваў адмову ў калёніі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Бандажэўскага. Юры Бандажэўскі не прызнае сваёй віны і абяцае любымі сродкамі гэта даказваць. У нашай краіне квітнее і ўладарыць беззаконьне. З гэтым безаконьнем, калі яно ідзе зьверху, змагацца вельмі цяжка”, -- паведаміла “Радыё Свабода” жонка палітзьняволенага.
Паводле Галіны Бандажэўскай, у яе няма грошай для аплаты выдаткаў па судзе, пра якія нагадвае адміністрацыя калёніі. Суд таксама ніякіх грошай у сям’і Бандажэўскіх не знайшоў, а сам прафэсар амаль шэсьць гадоў пазбаўлены працы.
Вядомы праваабаронца, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што падставы, паводле якіх кіраўніцтва калёніі адмовіла ў вызваленьні прафэсара Бандажэўскага, надуманыя.
“Гэта ня толькі калёнія ня хоча, але і ўлады ня хочуць бачыць на свабодзе Бандажэўскага. Падставы, на якія ўказвае адміністрацыя, непрызнаньне віны, неаплата нейкіх стратаў — гэта з пальца высмактаныя абгрунтаваньні. Яны нідзе ў нарматыўных актах не прапісаныя”, -- лічыць праваабаронца.
Паводле спадара Паганяйлы, ад імя Юрыя Бандажэўскага БХК абскардзіць у пракуратуры і ў судзе дзеяньні адміністрацыя калёніі.
У чэрвені 2001 году прафэсар Юры Бандажэўскі быў асуджаны за хабарніцтва на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Потым на падставе законаў аб амністыі тэрмін пакараньня яму скарацілі на два гады. Частку свайго тэрміну ён адседзеў у менскай вязьніцы. Паводле праваабаронцаў, усясьветнавядомага вучонага кінулі за краты за ягоныя навуковыя дасьледаваньні ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны, паводле якіх жыцьцё на забруджаных радыцыяй тэрыторыях небясьпечнае для здароўя чалавека. Камітэт у абарону прафэсара, створаны ў Францыі, “Міжнародная амністыя” і вучоныя розных краінаў дасылаюць лісты ў калёнію з патрабаваньнем вызваліць Юрыя Бандажэўскага, каб ён меў магчымасьць працягнуць сваю навуковую дзейнасьць. Минск, Белоруссия