Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КГБ цікавіцца дзейнасьцю дэмакратычных актывістаў 10:58, 02/02/2005
Супрацоўнікі КГБ у Магілёўскай вобласьці выяўляюць цікавасьць да дзейнасьці дэмакратычных актывістаў. Гэты інтарэс актывізаваўся апошнім часам. Рэдактар крычаўскага недзяржаўнага выданьня “Вольны горад” і кіраўнік раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Няроўны быў выкліканы ў мінулую пятніцу ў міжраённую ўправу КГБ на гутарку. У Сяргея Няроўнага пыталіся пра некаторыя матэрыялы, надрукаваныя ў газэце “Вольны горад”. У прыватнасьці, пра канфлікт у Крычаўскай раённай вэтэранскай арганізацыі, які асьвятляе газэта і які, паводле зьвестак Няроўнага, улада хоча “замяць” напярэдадні 60-годзьдзя Перамогі.
“Гэтая актыўнасьць за год да прэзыдэнцкіх выбараў — ціснуць будуць на апазыцыю. І я думаю, што гэта зьвязана з новым кіраўніком адмінітрацыі прэзыдэнта, які бярэ ўсё пад кантроль і новым прызначэньнем кіраўніка КГБ рэспублікі”, -- паведаміў “Радыё Свабода” Сяргей Няроўны.
Таксама ў Магілёве КГБ зацікавіўся ўдзельнікамі сэмінару, які зладзілі Беларуская асацыяцыя журналістаў і беларускае прадстаўніцтва Фонду Эбэрта. Вучань 11 клясы адной з магілёўскіх школ і рэдактар школьнай беларускамоўнай газэты Віталь Ругайн быў выкліканы ў кабінэт дырэктара і там меў гутарку з супрацоўнікам КГБ, які падрабязна распытаў падлетка пра сэмінар, яго ўдзельнікаў і ідэалягічны кірунак дыскусіі журналістаў. Минск, Белоруссия