Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Інфабанк», які ЗША абвінавацілі ў адмываньні грошай Хусэйна, мяняе назву 16:18, 02/02/2005
Абвінавачаны Мінфінам ЗША ў адмываньні грошай для рэжыму Садама Хусэйна, беларускі “Інфабанк” вырашыў памяняць сваю назву. Цяпер папярэдняя заяўка знаходзіцца на разглядзе ў Нацбанку Беларусі. “Інфабанк” у маштабах Беларусі зьяўляецца сярэднім паводле сваіх памераў прыватным банкам, але лічыцца набліжаным да беларускіх уладаў, празь яго ажыцьцяўляюцца многія апэрацыі з арабскім сьветам.
Міністэрства фінансаў ЗША ў жніўні мінулага году заявіла пра магчымасьць санкцыяў супраць беларускага “Інфабанку” за адмываньне грошай рэжыму Хусэйна падчас махінацыяў з праграмай ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Пазьней “Інфабанк” патрапіў у справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША і ЦРУ пра незаконны гандаль зброяй з Іракам. Амэрыканскія ўлады адкрыта выказвалі пагрозы закрыцьця карэспандэнцкіх рахункаў “Інфабанку” і іншых санкцыяў.
Цяпер у Нацбанк паступіла ягоная заяўка на папярэдняе вывучэньне новай назвы, у самім “Інфабанку” і Нацбанку пакуль адмаўляюцца афіцыйна называць новую назву. Неафіцыйна называецца варыянт — “Трастбанк” (па-ангельску trust -- давер). Пасьля папярэдняга ўзгадненьня, ці не паўтараецца такая назва ў іншых краінах, уладальнікі “Інфабанку” павінны падаць дакумэнты на зацьвярджэньне Ўправы Нацбанку і чакаць пераафармленьня статуту і ліцэнзіі. У самім “Інфабанку” адмаўляюцца паведаміць прычыны перайменаваньня.
Вядомы брэнд звычайна каштуе дорага, таму замена назвы робіцца пры надзвычайных умовах, лічыць былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч:
“Маецца на ўвазе, што адкрываць карэспандэнцкія рахункі па ўсім сьвеце будзе новы банк, нічым не заплямлены, у тым ліку і падазрэньнямі з боку ЗША”, -- паведаміў Багданкевіч “Радыё Свабода”.
Станіслаў Багданкевіч упэўнены, што праблема менавіта ў дрэннай міжнароднай рэпутацыі “Інфабанку”. Минск, Белоруссия