Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка абмяркуе ў Лібане вайскова-тэхнічныя пытаньні? 10:53, 03/02/2005
Аляксандр Лукашэнка 2 лютага прыляцеў у Лібан з двухдзённым афіцыйным візытам. У бэйруцкім аэрапорце яго сустракаў лібанскі прэзыдэнт Эміль Лахуд і іншыя афіцыйныя асобы. Лукашэнка правёў сустрэчы з кіраўнікамі парлямэнту і ўраду Лібану, увечары 2 лютага ў рэзыдэнцыі Баабда адбыліся яго перамовы з прэзыдэнтам Лахудам. Падчас леташняга прыезду ў Менск прэзыдэнта Лібану Эміля Лахуда Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва зь лібанскім бокам у шырокім спэктры пытаньняў, у тым ліку ў вайскова-тэхнічнай галіне. Гэтым, відаць, абумоўлена тое, што ў складзе афіцыйнай дэлегацыі ў Бэйрут прыбыў старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Мікалай Азаматаў. Што запрапануе беларускі бок лібанскаму ў вайсковай сфэры?
Прадстаўнік камітэту Пётар Рагажэўскі сказаў, што пакуль пра гэта інфармацыі няма і трэба дачакацца вяртаньня дэлегацыі. Тым часам незалежныя назіральнікі не выключаюць, што ў Лібане гаворка пойдзе аб продажы зброі. Нагадаю пра скандал, зьвязаны з перахопленым у Бэйруце вайсковым грузам, які прызначаўся для садамаўскага Іраку. Тады пад падазрэньне трапіў афіцыйны Менск, і беларускі МЗС адхрышчваўся, што ня мае дачыненьня да гэтага кантрабанднага грузу. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, для афіцыйнага Менску ня важна, які імідж мае краіна-сябар, галоўнае — атрымаць рэсурсы для ўтрыманьня ўлады ўнутры краіны.
“Лібан, Сырыя належаць да тых краінаў, якія, як вядома, выконваюць функцыі пасярэднікаў, празь іх ідуць каналы зброі. Безумоўна, я не выключаю, што будзе ісьці гаворка пра ваеннае супрацоўніцтва, да таго ж ёсьць тавары двайнога прызначэньня, натуральна, гаворка можа ісьці ня толькі пра танкі, канкрэтна пра зброю, але і пра оптыку і іншае абсталяваньне, якое можа выкарыстоўвацца як у мірных мэтах так і ў ваенных”, -- паведаміў Лябедзька “Радыё Свабода”.
Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба, кіраўнік Беларусі ляціць туды, дзе яго прымаюць, бо выбару ў яго няма. Значных вынікаў для краіны ад гэтай паездкі спадар Грыб таксама ня бачыць.
“Гандляваць зь імі сёньня даволі складана. Але калі б справа тычылася толькі нейкіх эканамічных пытаньняў, для гэтага ня трэба было б ехаць самому, а можна было б паслаць цэлы шэраг сваіх памочнікаў, старшыню Савету міністраў. Я мяркую, што там могуць абмяркоўвацца пытаньні гандлю ўзбраеньнямі, пытаньні больш сакрэтныя”, -- лічыць палітык. Минск, Белоруссия