Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чаму ў Менску не адкрылі інфармацыйную чытальню НАТО? 17:07, 15/03/2005
15 сакавіка ў Менску зьбіраліся адкрыць інфармацыйную чытальню НАТО. Амбасада Літвы ў Беларусі, якая выконвае функцыі кантактнай амбасады Паўночна-Атлянтычнага альянсу ў Менску, з гэтай нагоды нават разаслала адмысловыя запрашэньні. Натаўская чытальня павінна была разьмясьціцца ў Нацыянальнай акадэміі навук. З кіраўніцтвам акадэміі дамовіліся пра тое, што кожны, хто цікавіцца праблемамі міжнароднай палітыкі і бясьпекі, зможа бесьперашкодна наведваць новую чытальню. Аднак учора амбасада Літвы нечакана скасавала запрашэньні. Што ж здарылася?
“Справа ў тым, што нам паведамілі па тэлефоне зь Міністэрства замежных справаў і з Нацыянальнай акадэміі навук, што адкрыцьцё, якое было заплянаванае на 15 сакавіка, не адбудзецца. А калі адбудзецца, пакуль ніхто ня ведае”? -- тлумачыць сытуацыю «Радыё Свабода» супрацоўніца літоўскай амбасады Явіта Пранэвічутэ.
Тым часам выканаўца абавязкаў кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Руслан Есін на просьбу «Радыё Свабода» пракамэнтаваць сытуацыю сказаў, што радыё зьвярнулася не па адрасу.
Сябра прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Маханько так трактуе сытуацыю:
“Акадэмія навук гатовая прадаставіць плошчу, мэблю ды ўсё іншае, што патрэбна. І мы пра гэта паведамілі амбасадзе Літвы. Але, паколькі гэта міжнародная дзейнасьць, дык мы вымушаныя запрасіць у МЗС Беларусі афіцыйнае пацьверджаньне. Мы адмысловы ліст туды напісалі. Але МЗС гаворыць, што пакуль дакумэнтальнае пацьверджаньне ў іх не падрыхтаванае. А мы ж структура дзяржаўная... На словах усё добра, а паперкі няма”.
Без паперкі, мабыць, і сапраўды ў Беларусі нічога не зробіш. Цікава, а як рэагуюць на гэта беларускія экспэрты ў справах НАТО? Палітоляг Андрэй Фёдараў зьвязвае затрымку альбо адмену адкрыцьця натаўскай чытальні ў Менску з апошнімі рашэньнямі і выказваньнямі міжнародных структураў адносна становішча ў Беларусі.
“Даволі сымптаматычна тое, што гэты ціск з боку Эўразьвязу ідзе, рэзалюцыя, фонд Бэртэльсмана друкуе стратэгію, плян дзеяньняў прапануе дэлегацыі ў справах Беларусі. Пра Злучаныя Штаты я ўжо ўвогуле нічога не кажу. Можа, вось гэты ціск з Захаду і прывёў да такой рэакцыі зь беларускага боку. Хоць якраз Паўночна-Атлянтычны альянс у гэтым сэнсе нічым сябе апошнім часам “не запляміў”, ніякіх умоваў не вылучаў, заяваў не рабіў. Але паколькі фактычна бальшыня краінаў Эўразьвязу ды Злучаныя Штаты ўваходзяць у НАТО, можа, такім чынам беларускія ўлады даюць зразумець, што адказ будзе жорсткі, і на пагадненьні яны ісьці ня будуць”, -- паведаміў Фёдароў.