Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галадоўнікаў у Ваўкавыску паболела на пяць чалавек 10:52, 05/04/2005
Сёньня — 22-ы дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Да акцыі пратэсту ад панядзелка далучыліся яшчэ пяць ўдзельнікаў. Усяго, паводле саміх галадоўнікаў, у ёй цяпер удзельнічаюць 35 чалавек.
Мікалай Аўтуховіч цяперашняе становішча ўдзельнікаў галадоўкі пратэсту ацэньвае такім чынам:
“За базай стала сочаць дзьве машыны, нумары ў іх гарадзенскія. Сытуацыя незразумелая: штосьці рухаецца, але ня ў наш бок. Чаму? Таму што, каб хацелі вырашыць на нашу карысьць, яны не выстаўлялі б тут ахову, яны б ня ставілі на праслухоўваньне тэлефоны. Практычна ўсе тэлефоны праслухоўваюць, і пра гэта ведае ўвесь горад. Працаўнікі выканкаму абыходзілі на тым тыдні ўсе кватэры галадоўнікаў і прапаноўвалі ўсім працу, умаўлялі жонак, каб паразмаўлялі з мужамі. Гэта працягвалася і ў нядзелю, толькі не хадзілі, а абзвоньвалі”, --паведаміў прадпрымальнік “Радыё Свабода”.
Учора напісалі заявы аб галадоўцы дыспэтчары таксі Анжэла Мацяс і Анжэла Шукава, кіроўцы грузавікоў Іван Жук і Іван Матвейчык. Да іх далучыўся Канстанцін Уланаў зь Менску, ён служыў некалі ў Аўганістане ў адной дывізіі зь Мікалаем Аўтуховічам, абодва былі старшымі прапаршчыкамі. Канстанцін Уланаў гаворыць, што прачытаў пра галадоўку ў Ваўкавыску ў “Народнай волі”.
“Усё-ткі аўганскае братэрства ў нас ня толькі на словах, як звычайна пішуць у газэтах, а яно ў нас ёсьць і насамрэч. У сябе дома мы з аўганцамі абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Ну, і яны гавораць, што калі складзецца нецярпімая абстаноўка, то яны таксама згодныя прыехаць сюды”, --кажа Уланаў.
Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам амаль на 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісаная дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу. Минск, Белоруссия