Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Заява Пасла ЗША Джорджа Крола ў сувязі з гадавінай чарнобыльскай катастрофы 15:54, 26/04/2005
У гэты дзень, 26 красавіка, мы яшчэ раз схіляем галовы ў памяць аб тых, чые жыцці забрала чарнобыльская катастрофа, перад тымі, хто быў прымушаны да балючага развітання з домам, перад сціплым і непаказным гераізмам тых, хто быў выкліканы супрацьстаяць катастрофе і ўтаймоўваць яе наступствы.
Праз дзевятнаццаць год трагедыя на атамнай электрастанцыі побач з паўднёвай мяжой Беларусі можа здавацца далёкай, і страх перад ёй, напэўна, паспеў развеяцца. Паспела вырасці цэлае пакаленне, якое ведае пра Чарнобыль, але было пазбаўлена жахаў тых дзён і тыдняў у 1986 годзе, калі ўсё раптам перастала быць зразумелым і бяспечным. Выраслі і тыя амерыканскія школьнікі, якія ў той час знаходзіліся на Беларусі і вымушаны былі эвакуіравацца дадому, каб расказаць гэтую жудасную гісторыю сваім родным і сябрам. Менавіта такія амерыканцы, а таксама наш урад доўгі час дапамагаюць народу Беларусі пераадолець наступствы ядзернай катастрофы. Прыкладам нашай спагады і гатоўнасці дапамагчы беларусам з’яўляюцца медыцынскія пастаўкі коштам каля 200 мільёнаў долараў і адноўленыя медыцынскія цэнтры ў Гомелі і Тураве.
Праз дзевятнаццаць год пасля катастрофы мы зноў знаходзімся “у пошуках Чарнобыля”, як сцвярджае назва выставы аднаго з беларускіх фотамастакоў. Ізноў усведамляючы сваю адказнасць, мы не павінны забывацца пра тое, чаго вартая чалавечая нядбайнасць, і, што яшчэ больш важна, - чаго вартыя самаахвяраванне і неабыякавасць.