Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Леванеўскi ў калонii чытае лекцыi 10:44, 28/04/2005
Адмiнiстрацыя калонii №22, што ў Iвацэвiцкiм раёне, у якой адбывае пакаранне старшыня агульнанацыянальнага страйкаму Беларусi Валерый Леванеўскi, дазволiла вязню чытаць лекцыi сваiм цяперашнiм калегам.
Як паведамiў ПАГОНI сын палiтвязня, Валерый Леванеўскi чытае вязням лекцыi па юрыдычнай тэматыцы i па пытаннях прадпрымальнiцкай дзейнасцi. Адмiнiстрацыя калонii згадзiлася на гэта пасля неаднаразовых патрабаванняў палiтвязня.
– Бацька не губляе часу ў калонii. Акрамя таго, што чытае лекцыi, ён дамогся, каб затрыманым выдавалi харчовы паёк: калi мы былi на апошнiм спатканнi з iм, дык ён спецыяльна даў нам пакаштаваць турэмнай ежы, i я мушу сказаць, што мне яна нават спадабалася, – кажа Уладзiмiр Леванеўскi. – Бацька не патрабуе нiчога надзвычайнага ад адмiнiстрацыi калонii, ён проста прымушае iх выконваць закон. Так, напрыклад, вязням пачалi даваць белы хлеб, чаго раней не было, але згодна нормаў закону яны павiнны атрымлiваць пэўную колькасць белага хлеба кожны дзень.
Акрамя таго днямi Валерый Леванеўскi сустрэўся з прадстаўнiком дэпартамента выканання пакаранняў Мiнiстэрства ўнутраных спраў, якi прыязджаў у калонiю ў сувязi са скаргай лiдэра прадпрымальнiкаў на ўмовы ўтрымання. Валерый Леванеўскi таксама напiсаў скаргу ў Iвацэвiцкi суд на рашэнне адмiнiстрацыi калонii №22 аб беспадстаўным змяшчэннi яго напярэдаднi Новага года ў штрафны iзалятар на 15 сутак.
Першага траўня споўнiцца роўна год з таго часу, як Валерый Леванеўскi знаходзiцца за кратамi. Лiдэр гарадзенскiх прадпрымальнiкаў быў прызнаны вiнаватым ў знявазе Аляксандра Лукашэнкi i асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волi.