Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусі адмовілі ў праве правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2010 года 13:43, 16/05/2005, фото ByMedia.net
Жаданьне беларускага кіраўніцтва правесьці чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2010 годзе рэалізаванае ня будзе. 13 траўня ў Вене Міжнародная фэдэрацыя хакея адхіліла беларускую заяўку, аддаўшы перавагу нямецкай.
Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі хакею Аляксандар Лешчык паведаміў, што Беларусь адрозна ад іншых канкурэнтаў Нямеччыны на правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2010 годзе – Славакіі і Швэцыі – не здымала сваю кандыдатуру да самага галасаваньня. Спадар Лешчык кажа, што ён добра разумеў, што фаварытам у гэтым спаборніцтве з’яўляецца Нямеччына, але хацелася даведацца пра патэнцыял Беларусі. У выніку за беларускую заяўку прагаласавала 18 сябраў МФХ, за нямецкую – 89. На рашэньне міжнароднай фэдэрацыі не паўплывала тое, што Нямеччына ўжо 6 разоў была гаспадаром чэмпіянату сьвету па хакеі, а Беларусь – ні разу. Справа ў тым, што МФХ пры вызначэньні гаспадароў чэмпіянатаў вывучае кожную дробязь, а ў Беларусі яшчэ няма патрэбнай інфраструктуры, і перш за ўсё лёдавага палацу, які адпавядаў бы міжнародным стандартам.
Былы сябра Беларускай фэдэрацыі хакею Уладзімер Беражкоў мяркуе, што Беларусь няправільна пабудавала тактыку па рэалізацыі сваёй заяўкі ў МФХ: маўляў, трэба было саступіць Нямеччыне чэмпіянат ў 2010 годзе, каб мець іх падтрымку на 2011 год. А беларускае хакейнае кіраўніцтва пайшло ва-банк.
Разам з тым Уладзімер Беражкоў мяркуе, што пры вырашэньні падобных пытаньняў важны і імідж краіны-прэтэндэнта на правядзеньне чэмпіянату сьвету.
Беларускія ўлады да сваёй заяўкі на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі паставіліся сур’ёзна, было заплянаванае будаўніцтва вялікіх лёдавых палацаў у Менску і Жодзіне, прычым першы павінен умяшчаць 13 тысячаў гледачоў. Агульны кошт праектаў – больш за 200 мільёнаў даляраў. Вену, дзе прайшло паседжаньне МФХ, днямі наведваў беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі, паведамляе «Радыё Свабода”. Минск, Белоруссия