Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сяргей Скрабец чацьверты дзень трымае галадоўку за кратамі 16:47, 18/05/2005
Адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч паведаміў «Радыё Свабода», што самаадчуваньне галадоўніка здавальняючае. Адзін з актывістаў беларускай палітычнай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня і цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.
Прычынай галадоўкі, паводле памочніка былога дэпутата Сяргея Галаганюка, сталі арышт ды абвінавачаньні, якія Сяргей Скрабец лічыць беспадстаўнымі. Адвакат Міхаіл Хоміч адмовіўся камэнтаваць абвінавачаньні супраць былога дэпутата, спаслаўшыся на тое, што даў падпіску аб нераспаўсюдзе зьвестак, датычных справы.
Адвакат таксама паведаміў, што 18 траўня Сяргея Скрабца перавялі зь Берасьцейскага ізалятару часовага ўтрыманьня ў сталы ізалятар. На маё пытаньне, што гэта можа азначаць, спадар Хоміч адказаў, што “там Скрабцу будзе лепш, бо ўмовы ўтрыманьня ў сталым ізалятары лепшыя параўнальна з часовым”.
Сяргей Скрабец зьяўляецца сябрам назіральнага сойму Беларускага Хэльсынскага камітэту. Гэтая грамадзкая арганізацыя выступіла з адмысловай заявай, у якой сьцьвярджаецца, што адносна Сяргея Скрабца парушана прэзумпцыя невінаватасьці. БХК зьвярнуўся ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў з просьбаю зрабіць усе захады “дзеля папярэджаньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі”.
Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
17 траўня судовая выканаўца апісала мэблю ды іншыя рэчы ў кватэры Сяргея Скрабца — дзеля пагашэньня судовай запазычанасьці, якая ўзьнікла пасьля таго, як суд у Горадні пакараў былога дэпутата штрафам на 4 мільёны 800 тысяч рублёў за арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі мітынгу прадпрымальнікаў. Минск, Белоруссия