|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ірына Халіп: «Мы абавязаныя зрабіць усё, каб Беларусь стала дэмакратычнай і вольнай» 16:02, 20/05/2005 -- Ірына, найперш віншую вас з ганаровай прэміяй Хэнры Нанэна за абарону свабоды слова. Што значыць для вас гэтая ўзнагарода? -- Для мяне гэтая ўзнагарода сапраўды ганаровая. Асабліва прыемна, што гэтая прэмія будзе ўручацца толькі першы раз сёлета. І атрымаць яе першай для мяне асабліва прыемна. Але я ведаю, што гэта таксама вялікая адказнасьць, таму што, напэўна, гэтую прэмію маглі б атрымаць і Зьміцер Завадзкі, і Ігар Гермянчук, і Вераніка Чаркасава. Але іх ужо няма, і таму я адчуваю сваю ўласную адказнасьць за тое, каб надалей рабіць тое, чаго не змаглі яны. Цырымонія адбудзецца сёньня ўвечары ў Гамбургу, і ўручаць прэмію мне будзе спадар Ёшка Фішэр, кіраўнік МЗС Нямеччыны, што таксама зьяўляецца для мяне вялікім гонарам. -- Што вы будзеце казаць у сваёй прамове на цырымоніі ўзнагароджаньня? -- Я буду казаць там, што гэтая прэмія для мяне сьведчыць аб тым, што міжнародная грамадзкая супольнасьць не зьяўляецца абыякавай да Беларусі, да беларускіх праблемаў, і мы проста абавязаныя зрабіць усё, каб Беларусь стала дэмакратычнай і вольнай. -- Распавядзіце, калі ласка, пра саму прэмію Хэнры Нанэна. -- Хэнры Нанэн быў заснавальнікам часопісу “Штэрн” і ягоным першым галоўным рэдактарам. Вельмі паважаны ў Нямеччыне чалавек, вельмі паважаны прадстаўнік мэдыя-імпэрыі. Я ведаю, што ў журы былі галоўныя рэдактары такіх сродкаў масавай інфармацыі, як “Штэрн”, “Шпігель”, “Цайт”, найбольш вядомых нямецкіх сродкаў масавай інфармацыі, вельмі паважаныя асобы. -- А хто намінаваў вас на прэмію? -- Мяне намінавалі на прэмію супрацоўнікі расейскага бюро часопіса “Штэрн”. Яны ведалі мяне па публікацыях у расейскай “Новой газете” і вылучылі мяне на гэтую прэмію. -- Скажыце, калі ласка, а хто разам з вамі будзе атрымліваць прэмію, бо я ведаю, што там ёсьць розныя намінацыі… -- У астатніх намінацыях прэмію будуць атрымліваць нямецкія журналісты. У маёй намінацыі апроч мяне былі вылучаныя журналісты зь вельмі праблемных рэгіёнаў нашай плянэты — з Кубы, з Паўднёва-Ўсходняй Азіі, з Афрыкі. Усяго 19 намінантаў. -- Ірына, вашыя вострыя крытычныя публікацыі шмат разоў выклікалі даволі жорсткую рэакцыю беларускіх уладаў — супраць вас заводзілі крымінальныя справы, вас выклікалі ў пракуратуру, затрымлівалі, зьбівалі ў часе дэманстрацый. Апошнім часам палітыка беларускіх уладаў у дачыненьні да незалежных сродкаў масавай інфармацыі і да журналістаў становіцца ўсё больш рэпрэсіўнай. Скажыце, калі ласка, вам ніколі не было страшна? Вы не баіцеся? -- Мне было страшна напачатку, гадоў сем-восем таму. Але пасьля таго, як убачыла, як на маіх вачах зьбіваюць майго бацьку, мне ўжо ня страшна нічога, бо страшней за гэта ня можа быць нічога. -- Як вы лічыце, што можа зьмяніць журналіст у цяперашняй Беларусі? -- Думаю, што журналісты могуць зьмяніць многае. Справа ў тым, што мы апынуліся ў такой сытуацыі, калі мы павінны браць на сябе большую адказнасьць, чым проста адказнасьць за тое, пра што пішам. Напэўна, ужо надышоў час, калі журналісты павінны, проста абавязаныя станавіцца грамадзкімі дзеячамі, праваабаронцамі і, напэўна, браць удзел у акцыях пратэсту. Бяз нашага ўдзелу нічога ня зьменіцца. Минск, Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|