Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Брусэлі пратэставалі супраць прысуду Міколе Статкевічу і Паўлу Севярынцу 16:17, 01/06/2005
1 чэрвеня каля амбасады Беларусі ў Брусэлі адбылася акцыя пратэсту “Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня” (БЭЗ) супраць рэпрысіўнай палітыкі рэжыму ў Беларусі ды супраць незаконнага прысуду старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Міколу Статкевічу і лідэру беларускай моладзі Паўлу Севярынцу. Падчас акцыі ейныя ўдзельнікі спрабавалі перадаць зварот беларусаў Бэльгіі, Францыі і Чэхіі да амбасадара, у якім папярэджвалі беларускія ўлады пра крымінальную адказнасьць за перасьлед актывістаў апазіцыі.
На сьценах амбасады ўдзельнікі пікету павесілі аб’явы: ”Амбасада апошняга дыктатара ў Эўропе запрашае...” Неўзабаве да ўдзельнікаў акцыі выйшаў супрацоўнік амбасады, які не хаваў сваю прыналежнасьць да спэцслужбаў. Ён заявіў беларускім актывістам, што іхныя дзеяньні незаконныя. Супрацоўнік амбасады катэгарычна не хацеў размаўляць па-беларуску. Старшыня Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня Зьміцер Піменаў спрабаваў перадаць яму зварот да амбасадара, аднак супрацоўнік амбасады адмовіўся яго ўзяць. Зварот напрыканцы акцыі ўкінулі ў паштовую скрыню.