Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітвязьня Клімава трымаюць у клетцы, як небясьпечнага злачынцу 14:33, 07/06/2005
Сёньня ў Цэнтральным судзе Менску ў крымінальнай справе дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, бізнэсоўца Андрэя Клімава завяршыўся працэс апытаньня сьведкаў – як з боку абвінавачаньня, так і з боку абароны.
Нягледзячы на тое, што ўсе сьведкі, нават АМОНаўцы, не называлі Клімава арганізатарам акцыі, больш за тое, усе яны сьведчылі, што акцыя насамрэч была разагнаная, судзьдзя Сьвятлана Ганчар прасіла Клімава ў судовым паседжаньні пацьвердзіць сваю арганізацыйную ролю ў акцыі 25-га сакавіка. Гэтая вэрсія супадае зь дзяржаўным абвінавачаньнем.
Клімава трымаюць у судовай залі ў клетцы, як небясьпечнага злачынцу. Да яго нікому не дазваляюць набліжацца, у перапынку паміж судововымі паседжаньнямі яго адводзяць у так званы "стакан", дзе трымаюць небясьпечных злачынцаў. Калі вядуць палітыка па калідоры, АМОНаўцы і канвой выдаляюць усіх прысутных, каб зь ім ніхто ня мог пагаварыць.
Тым не меньш, як паведамляе “Радыё Свабода”, Андрэй Клімаў трымаецца бадзёра. Ён запэўніў судзьдзю і ўсіх прысутных у судовай залі, што яго не запалохае прысуд, нават самы жорсткі, і ўпэўнены, што будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі 2006 году, бо палітычная сытуацыя ў краіне зьменіцца.