Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Студэнты журфаку скардзяцца рэктару і міністру адукацыі 10:48, 21/06/2005
Яшчэ двое студэнтаў трэцяга курса завочнага аддзялення факультэта журналістыкі БДУ накіравалі міністру адукацыі і рэктару універсітэта скаргу на дзеянні свайго выкладчыка. Студэнты лічаць, што выкладчык па прадмеце "Гісторыя беларускай журналістыкі першай паловы ХХ стагоддзя" Алег Слука паставіў ім два балы на экзамене 10 чэрвеня з-за прадузятага стаўлення да іх. Абодва - Валеры Руселік і Ганна Кавалёва - звязваюць гэта з тым, што яны паставілі подпісы пад заявай у абарону сваёй былой аднакурсніцы Вольгі Класкоўскай, паведамляе БАЖ.
У скарзе, якую студэнты напісалі 17 чэрвеня, гаворыцца, што на экзамене А. Слука ў парушэнне прынятай практыкі запатрабаваў, каб студэнты пазначылі на пісьмовай працы не толькі нумар залікоўкі, але і прозвішча. Пры абвяшчэнні адзнак ён заявіў, што паставіў згаданым студэнтам двойкі за "непрыгожы почырк" і "нелітаратурныя словы". "Нелітаратурнымі" А. Слука палічыў словы "жаўнер", "габрэйскі", "таварышы" і некаторыя іншыя.
Студэнты ўдакладнілі гэтае пытанне і высветлілі, што ўсе гэтыя словы ўжываюцца ва ўнармаванай беларускай літаратурнай мове. "Такім чынам, мы лічым, што дзеянні выкладчыка былі праявай перадузятых адносінаў да нас як да асобаў, што падпісаліся пад заявай у абарону былой студэнткі Вольгі Класкоўскай", - гаворыцца ў скарзе. "Лічым, што дадзеныя дзеянні выкладчыка А.Г.Слукі з`яўляюцца неправамернымі ў дачыненні да нас і парушаюць нашыя правы".
Валеры Руселік і Ганна Кавалёва просяць склікаць экспертную камісію для аб`ектыўнай ацэнкі іх пісьмовых прац, а таксама зрабіць захады па аднаўленні іх правоў і "прадухіленні ў будучымі незаконных і дыскрымінацыйных дзеянняў у дачыненні да студэнтаў, якія праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю і выказваюць уласныя меркаванні".
8 чэрвеня аналагічную скаргу рэктару БДУ і міністру адукацыі падавалі студэнткі Алёна Андрэева і Ганна Кавалёва. На гэты момант вядома, што А. Андрэева ўжо здала сесію. Минск, Белоруссия