Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Ракаве забітая старшыня мясцовай філіі Саюзу палякаў Беларусі 10:52, 27/06/2005
У Ракаве забілі старшыню мясцовай філіі Саюзу палякаў Беларусі Юзэфу Вараксу. Сьледчыя пракуратуры сьцьвярджаюць, што гэта звычайнае крымінальнае забойства. Падазраванага ў злачынстве затрымалі на наступны дзень. Гэта жыхар Ракава, якога арыштавалі і трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары.
68-гадовую Юзэфу Вараксу забілі ўначы 22 чэрвеня ва ўласным доме. Забойца зрабіў ёй дзевяць нажавых раненьняў на целе і два на падбародзьдзі. Потым ён знайшоў у хаце і вынес залаты ланцужок і срэбраныя лыжкі. На наступны дзень сьледчыя затрымалі падазраванага ў забойстве непаўналетняга жыхара Ракава. Знайшлі і скрадзеныя рэчы — злачынца закапаў іх у гародзе.
Кіраўнік аддзелу па наглядзе за расьсьледаваньнем крымінальных злачынстваў Іван Міхнюк паведаміў «Радыё Свабода», што сьледзтва прытрымліваецца вэрсіі аб звычайным крымінальным забойстве. За апошнія тры гады колькасьць забойстваў пэнсіянэраў, якія маюць грошы, рэзка павялічылася. У Менскай вобласьці ад пачатку году адбылося 57 забойстваў. Статыстыка сьведчыць, што за год ад рук злачынцаў гіне каля дзьвюх соцень чалавек. Амаль усе яны адбываюцца ў выніку п’янства. Іван Міхнюк запэўніў, што ў дадзеным выпадку сьледчая група будзе адпрацоўваць усе магчымыя вэрсіі.
Мясцовыя жыхары кажуць, што Юзэфа Варакса ў параўнаньні зь мясцовымі жыхарамі была даволі заможная. Яны ўпэўненыя, што забойца невыпадкова абраў менавіта яе дом.
Сьледчыя паведамілі, што злачынства было падрыхтаванае. Забойца перад тым, як увайсьці ў хату, перарэзаў тэлефонны дрот. Калі ў судзе будзе даказаная віна падлетка, то ён будзе пазбаўлены волі на доўгі тэрмін. Паводле беларускага заканадаўства ў дачыненьні да непаўналетніх забойцаў не ўжываюць найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу. Минск, Белоруссия