Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд можа адмяніць амністыю заснавальніку «Новой газеты Сморгони» 10:32, 28/06/2005
З-за пазіцыі прадстаўніка пракуратуры 24 чэрвеня суд Смаргонскага раёна не змог прымяніць да заснавальніка "Новой газеты Сморгоні" Рамуальда Улана Закону "Аб амністыі". 22 чэрвеня на сесіі Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Улана пазбавілі дэпутацкіх паўнамоцтваў.
У пятніцу, 24 чэрвеня Рамуальда Улана выклікалі ў суд Смаргонскага раёна для таго, каб прымяніць да яго Закон "Аб амністыі". У часе паседжання прадстаўнік Смаргонскай раённай пракуратуры Сяргей Кавальчук выступіў з пратэстам, заявіўшы, што ў снежні 2004 г. суд нібыта няправільна прымяніў да Р. Улана закон аб амністыі таго года. (Тады суддзя скараціў для яго тэрмін пакарання з 2 да 1 года). Такім чынам, на думку пракуратуры, з улікам амністыі 2005 г., Р. Улан усё яшчэ павінен адбыць пакаранне тэрмінам у адзін год.
Пратэст пракуратуры не дазволіў суддзю Аляксандру Квяткевічу прымяніць да Р. Улана закон аб амністыі. Лёс Р. Улана цяпер будзе вырашаць Гродзенскі абласны суд, куды звернецца з адпаведным запытам пракуратура Гродзенскай вобласці. (Як вядома, амністыя дзейнічае напрацягу 6 месяцаў).
Між тым, 22 чэрвеня на сесіі Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў 30 чалавек прагаласавалі "за" пазбаўленне Р. Улана дэпутацкіх паўнамоцтваў. "Супраць" выказаліся два дэпутаты; устрымаўся 1. У абарону калегі выступіла дэпутат Ірына Вештард. Яна нагадала пра ДТЗ, якое адбылося з віны іншага іх калегі (дэпутата Самуйловіча, дырэктара Аўтапарка №17) і ў выніку якога пацярпелы памёр. Тым не менш, падкрэсліла І. Вештард, дэпутата не судзілі і не пазбаўлялі паўнамоцтваў. Аднак старшыня Смаргонскага райсавета Мікалай Шыш заявіў, што "сёння разглядаецца канкрэтны выпадак па Улану, і прыведзены прыклад не мае ніякага дачынення да справы".
"Фармальна сесія мела права ставіць пытанне на галасаванне, але яна ж мела права не прымяняць супраць мяне выключных захадаў", - зазначыў Рамуальд Улан у гутарцы са службай маніторынга БАЖ. Ён лічыць, што прычынай гэткіх дзеянняў з`яўляецца яго дэпутацкая актыўнасць.
У 2003 годзе з удзелам Р. Улана адбылося ДТЗ, у выніку якога пацярпеў веласіпедыст. Нягледзячы на заключэнне экспертаў аб адсутнасці парушэнняў правілаў дарожнага руху з боку кіроўцы і на адсутнасць прэтэнзій з боку пацярпелага, Улана прызналі вінаватым. Минск, Белоруссия