Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сыну лідара Партыі БНФ прад’яўлена абвінавачаньне 11:02, 13/07/2005
Сыну кіраўніка менскай гарадзкой рады Партыі БНФ Уладзімеру Кішкурну Антону сёньня прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне. Сьледчыя міліцыі Цэнтральнага раёну Менску абвінавачваюць яго ў распаўсюдзе наркотыкаў і захаваньні боезапасаў. Знойдзеная ў доме Кішкурнаў падчас ператрусу друкарская машына вывезеная ў невядомым кірунку.
12 ліпеня 22-гадовы Антон Кішкурна першы раз быў афіцыйна дапытаны. Падчас гэтага допыту і прад’яўленьня сыну актывіста Партыі БНФ афіцыйнага абвінавачаньня прысутнічаў яго адвакат Аляксандар Галіеў.
“Быў допыт, было прад’яўлена абвінавачаньне па артыкуле 328 частка 2, а таксама па артыкуле 295, частка 2. Гэта незаконны абарот наркотыкаў і захаваньне боезапасаў. Антон прызнаў сябе вінаватым у захаваньні некалькіх патронаў. Ён знайшоў іх недзе ў паляўнічым доміку і ня ведаў, што гэта злачынства. Што тычыцца незаконнага абароту наркотыкаў — тут ён сябе вінаватым не прызнае”, -- паведаміў адвакат “Радыё Свабода”.
Па гэтых артыкулах сыну актывіста Партыі БНФ пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Пры гэтым адвакат Антона Кішкурны пакуль устрымаўся ад ацэнкі дзеяньняў міліцыі ў адносінах да свайго падабароннага і да ўчыненага міліцыянтамі ператрусу ў доме сям’і Кішкурнаў, бо пакуль яшчэ не азнаёміўся з матэрыяламі справы. Аляксандар Галіеў гаворыць, што знойдзеная ў доме старшыні менскай гарадзкой рады Партыі БНФ друкарская машына ў крымінальнай справе ягонага сына не фігуруе. Жонка Ўладзімера Кішкурны Валянціна паведаміла, што ўчора друкарскае абсталяваньне было вывезена зь іхнага дому невядомымі асобамі ў цывільным. Белоруссия