Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады не расследуюць напад на Святлану Завадзкую 10:56, 13/07/2005
Грамадзкая расейска-беларуская праваабарончая камісія ацаніла дзеяньні беларускіх амонаўцаў адносна жонкі зніклага беларускага журналіста Дзмітрыя Завадзкага, лідара грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Святланы Завадзкай як яшчэ адну праяву наступу ўладаў на грамадзянскія правы і свабоды. Між тым, абяцаная ўладамі праверка дзеяньняў амонаўца, які ўдарыў кулаком у твар Сьвятлану Завадзкую, яшчэ не пачыналася.
11 ліпеня грамадзкая расейска-беларуская камісія Савета правоў чалавека пры прэзыдэнту Расеі зрабіла адмысловую заяву адносна падзеяў 7 ліпеня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Тады была разагнаная акцыя напаміну пра зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага і зьбітая ягоная жонка, Сьвятлана Завадзкая. Амонавец ударыў яе ў твар кулаком. Гэтыя кадры неаднаразова бачылі гледачы расейскіх каналаў ОРТ, НТВ і РТР.
“Даводзіцца канстатаваць, што падзеі 7 ліпеня сталі яшчэ адным сьведчаньнем наступу ўладаў у Беларусі на грамадзянскія правы і свабоды. Падобныя факты ня могуць не хваляваць расейскую грамадзкасьць”, — гаворыцца ў заяве.
Вядома, што Сьвятлана Завадзкая яшчэ 8 ліпеня зьвярнулася ў пракуратуру Менску са скаргай на дзеяньні міліцыі. Ці заняліся яе заявай?
У прэсавай службе сталічнай пракуратуры “Радыё Свабода” паведамілі, што адаслалі скаргу Завадзкай у пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску для праверкі. Аднак там ліста Завадзкай яшчэ не атрымалі.
“Пакуль няма. Магчыма, да канца дня прывязуць. Ня ведаем, як у іх там працуе кур’ерская служба”, — адказалі ў прыёмным пакоі пракуратуры Цэнральнага раёну Менску. Гэтая пракуратура мусіць разглядаць скаргу Завадзкай таму, што інцыдэнт зь ёй адбыўся на Кастрычніцкай плошчы, якая знаходзіцца ў Цэнтральным раёне Менску.
Сталічная міліцыя настойвае на тым, што Сьвятлана Завадзкая сама сваімі паводзінамі справакавала амонаўца, які ўдарыў яе, “адмахваючыся”. Паводле заявы менскай міліцыі, жанчына разьбіла амонаўцу губу. Аднак прозьвішча “пацярпелага” амонаўца ў міліцыі не называюць і кантактаваць зь ім магчымасьці не даюць.