Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Асуджаныя палітыкі пакуль на «хімію» не паехалі 10:43, 18/07/2005
Трое апазыцыйных палітыкаў – Мікола Статкевіч, Павал Севярынец і Андрэй Клімаў – чакаюць накіраваньня на так званую “хімію” – месца, дзе яны будуць адбываць пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту. Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца суд Цэнтральнага раёну пакараў трыма гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Андрэя Клімава суд пакараў абмежаваньнем волі на год і 6 месяцаў за арганізацыю дэманстрацыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Нягледзячы на тое, што Менскі гарадзкі суд яшчэ 28 чэрвеня пакінуў у сіле прысуды Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу, Камітэт выкананьня пакараньняў не сьпяшаецца накіроўваць апазыцыйных палітыкаў у спэцкамэндатуру. Тэрмін адліку пачынаецца з даты, калі асуджаны трапіў на месца адбыцьця пакараньня. Мікола Статкевіч лічыць, што ўлады наўмысна зацягваюць гэты момант.
“Я разумею іх лёгіку. Безумоўна, чым пазьней пасадзяць, тым пазьней я выйду. Але я мяркую, усё роўна, раней ці пазьней мы выйдзем. Калі мы ня выйдзем праз год, а мы спадзяемся, што дэмакратычным сілам удасца зьмяніць палітычную сытуацыю, то выйдзем пасьля адбыцца тэрміну пакараньня. Потым, я думаю, пакараныя будуць тыя людзі, якія выносілі прысуды, альбо давалі загады іх выносіць,” – паведаміў “Радыё Свабода” Мікола Статкевіч.
Павал Севярынец знаходзіцца ў Віцебску пад падпіскай аб нявыезьдзе. Ён упэўнены, што працягне займацца апазыцыйнай дзейнасьцю, незалежна ад таго, дзе будзе адбываць пакараньне.
“Мне здаецца, што рэжым хоча правесьці гэтую апэрацыю дэпартацыі недзе глыбей у лета, калі больш людзей сыходзіць у адпачынкі і таму будзе менш шуму. Таму й такая бюракратычная затрымка. Што тычыцца месца, якое мне могуць прызначыць, то гэта ня мае значэньня. Я разумею, што ўладам, канечне, хацелася б саслаць мяне куды-небудзь у Сыбір, але ж у сёньняшняй Рэспубліцы Беларусь Сыбіру няма. Безумоўна, ня буду губляць кантактаў з маімі паплечнікамі з Маладога Фронту, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Безумоўна, буду дапамагаць ім у кампаніі 2006 году”, -- кажа Павал Севярынец.
Андрэй Клімаў чакае рашэньня гарадзкога суду. Яго скарга дагэтуль не разглядалася. У Першамайскім судзе сталіцы знаходзіцца яшчэ адна крымінальная справа супраць апазыцыйнага палітыка – за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Андрэй Клімаў упэўнены, што адбываць пакараньне будзе не даўжэй, як да 25 сакавіка наступнага году. На ягоную думку, пасьля гэтай даты ў краіне зьменіцца палітычная сытуацыя.
У Першамайскім судзе разгляд справы пачнецца пасьля таго, як уступіць у сілу рашэньне Цэнтральнага суду. Магчыма, Андрэй Клімаў яшчэ працяглы час будзе заставацца ў Менску пад падпіскай аб нявыезьдзе – пакуль судзьдзя не выйдзе з адпачынку. Минск, Белоруссия