Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Бацькаўшчыну» ачоліў Аляксей Марачкін 12:57, 20/07/2005
На IV зьезьдзе беларусаў сьвету, які прайшоў у Менску 16-17 ліпеня, выпрацаваныя праграмы супрацоўніцтва беларускіх суполак і прапановы ўладам. Зьезд прыняў рэзалюцыю аб пацьвярджэньні Акту аб падтрымцы незалежнасьці, прынятым Усебеларускім зьездам у 2000 годзе, і зварот "Беларусь для дыяспары, дыяспара для Беларусі", у якім заклікаюцца да кансалідацыі ўсе беларускія суполкі. Абраная таксама Рада ў складзе ста чатырох чалавек з розных краінаў сьвету. Кіраўніком згуртаваньня абраны знаны мастак Аляксей Марачкін. Прэс-цэнтр Хартыі’97 віншуе Аляксея Марачкіна і жадае славутаму беларусу поспехаў у ягонай пачэснай працы.
У сваім першым інтэрвію пасьля абраньня кіраўніком Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” знаны беларускі мастак Аляксей Марачкін сказаў «Радыё Свабода», што гэтая ўплывовая міжнародная арганізацыя будзе і надалей кіравацца ў сваёй дзейнасьці прынцыпамі еднасьці ўсіх беларускіх структураў дзеля дасягненьня сапраўднай незалежнасьці радзімы.
Сваю галоўную задачу новы кіраўнік згуртаваньня “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін сфармуляваў наступным чынам:
“Ісьці шляхам гуртаваньня ўсіх нашых суайчыньнікаў, якія жывуць за межамі нашай краіны, адчуваць іхныя праблемы і каб яны адчувалі нашыя праблемы. Толькі ў кантактах, толькі праз плюралізм меркаваньняў, толькі так мы можам прыйсьці да нейкіх высноваў і вырашыць нейкія праблемы”.
Калі з трыбуны зьезду гучалі розныя меркаваньні наконт канкрэтных праблемаў жыцьця беларускае дыяспары, то думкі прадстаўнікоў улады пачуць не давялося. Запрошаныя кіраўнікі адпаведных дзяржаўных органаў на зьезд не прыйшлі. Вось як пракамэнтаваў гэта Аляксей Марачкін:
“Тое, што сёньня не было прадстаўнікоў улады, гэта вельмі кепска. Яны яшчэ раз паказалі, што яны адгароджваюцца ад такой важнай арганізацыі як згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.
IV зьезд беларусаў сьвету ў прынятай праграме дзейнасьці да 2009 году заплянаваў такія канкрэтныя справы, як стварэньне бібліятэкі, музэю, архіву, навуковага цэнтру дыяспары, выданьне энцыкляпэдыі вядомых яе пэрсаналіяў. Асобны разьдзел праграмы прадугледжвае зварот да ўлады краіны з прапановамі прыняцьця адпаведных заканадаўчых дакумэнтаў дзеля спрашчэньня стасункаў беларусаў замежжа з радзімай. Як бачыцца новаму кіраўніку вырашэньне гэтых праблемаў у сытуацыі фактычнага ігнараваньня “Бацькаўшчыны” афіцыйнымі структурамі?
“Такім чынам яны самі зьніжаюць свой імідж і самі робяць падкоп пад сябе, пад сваю вось гэтую глухую сьцяну. Я думаю, што яна некалі абрынецца, і яны будуць адкрытыя для нас і мы адкрытыя. Мы — не палітычная арганізацыя, але мы — не апалітычныя людзі. Прыходзіць час, і мы павінны зрабіць свой выбар, а “Бацькаўшчына” зрабіла выбар ужо даўно. Мы абапіраемся на тыя палажэньні, закладзеныя ў Граматах Беларускае Народнае Рэспублікі 25 сакавіка. І сёньня важна прагучала — мы абапіраемся на Акт Незалежнасьці, прыняты 29 ліпеня 2000 году”, -- заявіў новы старшыня “Бацькаўшчыны” мастак Аляксей Марачкін. Минск, Белоруссия