Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пра што будуць гаварыць Пуцін і Лукашэнка ў Маскве? 10:37, 20/07/2005
На запрашэньне расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з 20 па 21 ліпеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведае Расею з рабочым візытам. Ці будзе расейскі кіраўнік пад час перамоваў падымаць тэму парушэньня правоў чалавека ў Беларусі?
Афіцыйныя крыніцы вельмі коратка паведамляюць пра плянаваны візыт. Сказана толькі пра тое, што адбудуцца перамовы Лукашэнкі з Пуціным, а таксама наведваньне прадпрыемства ракетна-касьмічнай галіны.
Дэпутат расейскай дзярждумы Канстанцін Затулін лічыць, што сам па сабе любы прыезд Лукашэнкі ў Расею не зьяўляецца сэнсацыяй, бо ў Расеі да яго іншае стаўленьне, чым на Захадзе, куды ён ня мае магчымасьці патрапіць. Ці магчыма, што прэзыдэнт Пуцін падыме тэму правоў чалавека?
“Я не выключаю, што нейкія пытаньні такога тыпу могуць абмяркоўвацца на сустрэчах паміж Пуціным і Лукашэнкам. У нас ёсьць ня толькі гэтыя пытаньні ва ўзаемаадносінах зь Беларусьсю, таму нікога не павінна зьдзіўляць, што мы не зводзім усе праблемы ўзаемаадносінаў з Беларусьсю да пытаньняў парушэньня правоў чалавека. На Захадзе няма іншых тэмаў адносна Беларусі на сёньня публічна, акрамя правоў чалавека. У нас з Захадам тут розная сытуацыя,” – паведаміў “Радыё Свабода” Затулін.
Сябра грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савета пры прэзыдэнце Расеі ў спрыяньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, кіраўніцу Маскоўскай Хэльсынскай групы Людмілу Аляксееву бянтэжыць той факт, што ў Расеі прымаюць кіраўніка Беларусі. Але ці спадзяецца спадарыня Аляксеева, што пытаньні парушэньня правоў чалавека ў Беларусі будуць паднятыя пад час перамоваў?
“Мы ўвесь час на гэтым настойваем, каб наш прэзыдэнт, урад і нашы парлямэнтары абмяркоўвалі гэтыя пытаньні зь Беларусьсю, таму што ў Беларусі сытуацыя горшая, чым у нас. Але наагул у нашых лідэраў ня вельмі многа маральнага права абмяркоўваць такія пытаньні, бо да іх саміх у праваабаронцаў многа прэтэнзій. Але я хачу спадзявацца, што гэтае пытаньне будзе падымацца, таму што сябры прэзыдэнцкага Савета гаварылі пра такую неабходнасьць. Але я не магу пахваліцца, што прэзыдэнт Пуцін прыслухоўваецца да ўсіх нашых парадаў. На жаль, зь дзесяці – дзьве-тры выконваюцца”, -- паведаміла праваабаронца “Радыё Свабода”. Минск, Белоруссия