Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу могуць прапанаваць працу ў калгасе 10:42, 21/07/2005
Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца цягам тыдня накіруюць адбываць пакараньне на так званую “хімію”. Суд Цэнтральнага раёну пакараў апазыцыйных палітыкаў трыма гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка, у часе якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Акцыі прайшлі на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Суд улічыў, што ў часе сьледства абвясьцілі амністыю, таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец адбываць пакараньне будуць ня тры, а два гады.
Лідара сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча ўжо выклікалі ў аддзел міліцыі, зьнялі там адбіткі пальцаў і забралі пашпарт. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Міколу Статкевічу, што пытаньне аб тым, у які горад яго накіруюць, вырашыцца цягам тыдня. Але дакладна вядома, што ў Менску апазыцыйны палітык будзе заставацца літаральна некалькі дзён.
Кіраўнік Камітэта ў выкананьні пакараньняў Уладзімір Коўчур паведаміў «Радыё Свабода»:
“Спачатку чакалі, пакуль прысуд уступіць у сілу. Потым, пакуль надрукавалі, пакуль поштай дайшло. Потым крымінальна-папраўчая інспэкцыя накіроўвае матэрыялы сюды. Накіроўваем у межах вобласьці, дзе жыве. Статкевіч прапісаны ў Менску, значыць будзе адбываць пакараньне ў Менскай вобласьці. Севярынец у Віцебску, значыць у Віцебскай. Чаму Маркевіч і Мажэйка адбывалі ў іншых месцах? Я ўжо ня памятаю, але тады ў месцах абмежаваньня волі адбывалі пакараньне 8,5 тысячы чалавек, а зараз, пасьля амністыі, нейдзе каля 7 000. Апроч таго, у Гарадзенскай вобласьці самая малая колькасьць месцаў. Самая вялікая – у Менскай. Цяпер пад Менскам адкрылі яшчэ адну ўстанову, там дзе раней была санаторыя для дзяцей, хворых на сухоты. Яны могуць самі знайсьці сабе працу. Калі – не, то адміністрацыя прапануе ім працу. У калгасе будуць працаваць”.
Такім чынам, днямі Павал Севярынец і Мікола Статкевіч паедуць адбываць пакараньне. Што тычыцца Андрэя Клімава, які мусіць год і тры месяцы правесьці на “хіміі” за арганізацыю акцыі 25 сакавіка, то ён застанецца ў Менску да канца жніўня. Минск, Белоруссия