|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Кантрапункты Валер’я Дранчука 15:24, 26/07/2005
У папярэдніх сюжэтах я ўжо згадваў пра культ паваленага дрэва, які мы назіралі падчас вандроўкі, -- у нацыянальных парках ці іншых прыродных рэзэрватах, а часам у гарадах і мястэчках можна бачыць побач дарог, будынкаў, на зялёных падстрыжаных лужках непрыбраныя выпетраныя дрэвы-карчакі. Але кінулася ў вочы яшчэ адна падарожная паралель з жыцця чалавека і дрэва. Вельмі жывая і нават балючая, бо акурат, ад’язджаючы за акіян, я схапіўся з цэлай плоймай айчынных прыроданенавісьнікаў, якія спілавалі ў маім менскім двары на Іванаўскай больш за дзясятак дрэваў, сярод якіх і старую, бадай, гістарычна-рэліктавую вярбу з моцным, у тры абхваты камлём і вельмі прыгожаю, на паўнеба, зялёнаю кучараваю кронай. Ёй стаяць як найменш паўстагоддзя, а можа і болей, а яе так нялітасьціва прыбралі -- як лопух, як пустазёл, адным махам пілы. Я параўноўваў: няўжо ўвесь свет пачаў так баяцца дрэваў, як у нас у Беларусі? Так званае “добраўпарадкаванне тэрыторый”, ініцыяванае быццам бы А.Лукашэнкам, нагарнулася на зялёны шчыт нашых селішчаў цэлай бядой, абладай-нашэсьцем, нейкай, сказаў бы, дрэвафобіяй. Не абцяжараныя адказнасьцю людзі з камунальных службаў, баючыся няміласьці, пачалі яра выпілоўваць старыя, а значыць, “патэнцыйна небясьпечныя” дрэвы (на здымках). Сьведчу не на карысьць Айчыны. Ні ў Вашынгтоне, ні ў Джэксанвіле, ні ў старадаўнім горадзе Сьвятога Аўгусьціна, дзе я прабавіўся з карысьцю для душы, сустрэць старое, часам казачна вялікае дрэва не было складанасьцю. Яны расьлі побач будынкаў, ахінаючы гольлем веранды, балконы, дахі. У Вашынгтоне, дарэчы, мяне ўразіла дужа ўцешнае суседства вавёрак. Прывулічна, зусім каля ног. Нічога дзіўнага, падумаў. Тут іхні схоў, дрэвы, трава, жывая зямля. Аднойчы раніцай, калі не праспаў дзяньніцу і выйшаў на авеню насустрач сонцу, у векавым разгалістым дрэве над плоймай сонных легкавікоў пачуў вухканьне савы. Зрэшты, я не зьдзіўляўся. Хутчэй засмучаўся сваім параўнаньням. Сёньня мая Радзіма -- краіна хворых загадаў. І сьветла радаваўся ўспамінаючы: на другі дзень, як сьпілавалі вярбу на Іванаўскай, дзеці з ваколічных дамоў зладзілі зялёны пікет. Яны адчулі сябе закладнікамі вар’ятаў. На здымках: ![]() …Я здымаў не Белы дом, а гэтае вялікае дрэва побач яго ![]() Горад Булдзінгтон, штат Вермонт ![]() У адным зь мястэчкаў штата Фларыда ![]() ![]() ![]() Менск. Дзіцячы пікет на месцы спілаванай Вярбы. Травень 2005 ![]() Спілаваны дуб у двары сельскага савета. Мястэчка Вішнявец (гістарычная Гавязна), Стаўбцоўскі раён. Чэрвень 2005 Фота: В.Дранчук Публікацыі-рэтра Зь дзёньнікаў Казіміра Сваяка (1890 – 1926). Газета «Белавежская пушча», №2, 2000 1914. Жнівень. Ад даўнага часу чую да цябе, маці Беларусь, асаблівую прывязнасьць -- і болей чым прывязнасьць: надта глыбока гэтае пачуцьцё зарылася ў сэрца -- пэўна, гэта міласьць, каханьне з сэрца. Люблю я цябе і моцна люблю. Аб`ехаў я нямала ўжо сьвету, шукаючы красы і праўды, а найбольш бачу той і другой у сваім родным краі, у сваёй мілай зямельцы. Стройны горы й даліны ў Татрах, прыемны малюнкі ў зямлі Кракаўскай, а ўсё ж цуднейшы наш бор вяльможны, пякнейшыя роўні і гаі нашы, а мова іх пранікае цябе цэлага, лечыць раны сэрца твайго. (…) 1921. 6.VII. (…) Няўжо жыцьцё так і сплыве на марах ідэалу бяз зьдзейсьненьня сноў за волю душы народнай, да якой я жадаў бы прыкласьці свае зярняткі? Змаганьне з кволасьцю, зь бясьсільлем ідзе не ў маю карысць. Божа, дай мне не пакінуць творчасьці духа майго! Памажы мне быць карысным справе духоўнага адраджэньня майго брата занядбанага. (…). Кантрапункт* – гэта адначаснае спалучэнне двух або некалькіх матываў, галасоў.
|