Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Запалохваюць удзельнікаў дэмакрытычных сходаў у рэгіёнах 10:53, 26/07/2005
У Гомельскай вобласьці ўлады аказваюць моцны ўціск на актывістаў апазіцыйных партыяў, што ўдзельнічаюць у абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе будзе вызначаны адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2006 году.
Калі сходы па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў толькі распачыналіся, міліцыя прэвэнтыўна затрымлівала актывістаў. Так, у прыватнасьці, было ў Сьветлагорску. У Чачэрску апошнім часам міліцыя пайшла далей. У дачыненьні сяброў Аб`яднанай грамадзянскай партыі Аркадзя Корхава і Васіля Чытакова складзены пратаколы за то, што яны без дазволу райвыканкаму правялі сход у прыватным доме ў вёсцы Залесьсе.
На падставе міліцэйскіх пратаколаў старшыня Чачэрскага раённага суду Галіна Каламар аштрафавала чальцоў АГП на 510 тысячаў рублёў кожнага.
У Калінкавічах пасьля сходу па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных старшы ўчастковы, маёр міліцыі Віктар Лупач стаў рэгулярна дасылаць актывістцы АГП Людміле Краснасельскай позвы. Патрабуе, каб яна зьявілася ў габінэт №3 да намесьніка начальніка райаддзелу міліцыі Краснова дзеля гутаркі.
Сябра Аб`яднанай грамадзянскай партыі з Тураву Міхаіл Козел паведаміў, што прадстаўнік спэцслужбы разам з участковым міліцыянтам прыяжджаў да яго дахаты.
“Распытваў, хто да мяне прыяжджае, хто прыходзіць, чым я займаюся, на якія грошы жыву і г.д. Міліцыянт праверыў у мяне пашпарт і захацеў паглядзець, ці няма ў мяне чагосьці крадзенага ў хаце, у сенцах…”, -- паведаміў палітік “Радыё Свабода”.
Каардынатар сходаў у рэгіёне Андрэй Толчын зьвяртае ўвагу на пытаньне падтрымкі людзей, якія апынуліся пад уціскам за сваю палітычную дзейнасьць:
“Людзі напалоханы ўсё-такі. Улады робяць сваю справу. Яны ціснуць на людзей. Мы прыехалі і паехалі, а людзі засталіся сам на сам з уладаю. І яны, мне здаецца, ня адчуваюць тую салідарнасьць, якая павінна існаваць паміж дэмакратамі. Такая салідарнасьць была ў Польшчы, і мы павінны такую салідарнасьць наладзіць”, -- кажа палітык. Минск, Белоруссия