Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Незалежных журналістаў не пусцілі на прэсавую канферэнцыю ў будынак Саюзу палякаў 16:15, 28/07/2005
Шэрагу журналістаў недзяржаўных беларускіх СМІ не дазволілі прысутнічаць на прэс-канферэнцыі Тадэвуша Кручкоўскага, якога Мінюст вызнае за легітымнага кіраўніка Саюзу палякаў Беларусі. Не змаглі трапіць на сустрэчу таксама некаторыя польскія журналісты.
Прэс-канферэнцыя распачалася ў 15.00 у будынку Саюзу палякаў, куды ўвечары 27 ліпеня Т. Кручкоўскі прайшоў з дапамогаю атраду міліцыі асобага прызначэння. Перад пачаткам сустрэчы ля ўваходу з`явіўся паплечнік І. Кручкоўскага Казімер Знайдзінскі, які асабіста правяраў дакументы ў кожнага журналіста і вырашаў, хто можа прайсці на прэс-канферэнцыю, а хто - не. Побач з ім знаходзіўся нарад міліцыі.
Як паведаміў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) кіраўнік Гродзенскай філіі БАЖ Павал Мажэйка, не змаглі патрапіць у будынак ён сам, рэдактар газеты "Glos znad Niemna" Анджэй Пісальнік і журналіст гэтага выдання Ігар Банцэр, галоўны рэдактар газеты "День" і інтэрнэт-сайту www.pahonia.promedia.by Мікола Маркевіч, журналіст газеты "Салідарнасць" Іван Роман, карэспандэнт сайту www.hrodna.by Андрэй Кусельчук. Не дазволілі прайсці таксама журналістам польскай радыёстанцыі RMF-FM.
Бесперашкодна трапілі на прэс-канферэнцыю здымачная група тэлерадыёкампаніі "Гродна", журналісты дзяржаўных СМІ ("Звязда", "Перспектива" (заснавальнікі - Гродзенскі раённы Савет дэпутатаў, райвыканкам), а таксама карэспандэнты польскай тэлевізіі.