Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Што думаюць пра беларуска-польскі канфлікт вядомыя людзі? 10:46, 28/07/2005
Пасьля рашэньня афіцыйнага Менску аб высылцы трэцяга польскага дыплямата зь Беларусі чакаецца афіцыйная заява міністэрства замежных справаў Польшчы. Пра гэта “Радыё Свабода” паведамілі ў амбасадзе Польшчы ў Менску. Тым часам беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і Польшчай і заявы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі беларускія палякі ня будуць гарматным мясам ні ў Вашынгтону, ні ў Варшавы. Кіраўнік Беларусі лічыць, што скандал вакол Саюзу палякаў Беларусі штучна разьдзьмуваецца польскім бокам. Лукашэнка заявіў, што не дазволіць рабіць зь беларускіх палякаў нейкіх марыянэтак. Паводле кіраўніка краіны, прычынай нагнятаньня жарсьцяў вакол кіраўніцтва Саюзу палякаў зьяўляецца імкненьне Захаду “дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі, ажно да інтэрвэнцыі”. Лукашэнка лічыць, што па ўказцы з-за акіяну Польшча спрабуе скіраваць беларускіх палякаў да супрацьпраўных дзеяньняў у краіне.
У інтэрвію польскаму агенцтву ПАП прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі абверг заяву кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што польскі бок дзейнічае па ўказцы з-за акіяну, спрабуючы дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. Прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі назваў гэтае цьверджаньне лжывым. Ён заявіў, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць толькі дэмакратыю ў Беларусі і імкненьне беларускага народу да свабоды.
У сувязі з абвастрэньнем беларуска-польскіх дачыненьняў у польскім парлямэнце абмяркоўвалася пытаньне пра зьмену статусу прадстаўніцтва Польшчы ў Беларусі. Магчыма, інтарэсы Польшчы ў Беларусі будзе прадстаўляць амбасада трэцяй краіны. Пра гэта заявіў сьпікер польскага Сэйму Ўладзімер Цімашэвіч.
Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 Андрэй Саньнікаў назваў антыпольскія заявы Лукашэнкі лухтой і дрэннай інфармаванасьцю кіраўніка Беларусі:
“Наадварот, Польшча даволі працяглы час адыгравала ролю такога своеасаблівага адваката Лукашэнкі, спасылаючыся на суседзтва зь Беларусьсю, на тое, што ў Польшчы павінна быць іншая палітыка, чым у Эўразьвязе, напрыклад, чым у ЗША. Гэта дакладна вядома. Яны прадэманстравалі такую слабую пазыцыю, а Лукашэнка заўсёды адсочвае і помсьціць ня моцным, а слабым. Таму Польшча сама як бы ў гэтую пастку і трапіла. Ня так даўно яны былі адзінай краінай, якая выступіла супраць пазыцыі краінаў Эўразьвязу, якія абмяркоўвалі рэжым санкцыяў адносна Беларусі. Тое, што цяпер адбываецца, гэта штучнае абвастрэньне канфлікту зь беларускага боку, гэта шкодзіць інтарэсам Беларусі як дзяржавы, але і інтарэсам беларусаў таксама”.
Кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч заяўляе пра занепакоенасьць яго арганізацыі пагаршэньнем стасункаў між Беларусьсю і Польшчай і наагул стаўленьнем беларускіх уладаў да грамадзкіх аб’яднаньняў.
“Бываючы ў Польшчы, я бачыў як цяжка жывецца этнічным беларусам у Польшчы. Вельмі хацелася б, каб усю гэтую энэргію, актыўнасьць, клопат пра палякаў у Беларусі нашая дзяржава перанесла б і на другі канец Белавежы, каб праяўляўся канкрэтны клопат пра беларусаў на Беласточчыне, дзе існуюць беларускамоўныя ліцэі, выдаюыцца беларускамоўныя часопісы, тыднёвік, кнігі”, -- лічыць Пашкевіч.