|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
«Вы наступны, спадар Лукашэнка!» 16:12, 29/07/2005 «Зьнішчыць палякаў», «Атака беларускага рэжыму на палякаў», «Польска-беларуская вайна выгадная Маскве», «Начны штурм на Саюз палякаў», «Лукашэнка цэліць у Польшчу»... Гэта толькі некаторыя тытулы публікацыяў у сёньняшняй польскай прэсе на тэму польска-беларускага канфлікту, які надалей паглыбляецца. Старонкі газэт поўныя таксама пагрозьлівых здымкаў. На Лукашэнку не пакінулі сухой ніткі, бо адбываецца адкрыты тэрор у дачыненьні да лідараў арганізацыі польскай меншасьці у Беларусі. Уся прэса паведамляе дэталі ўчорашняга вячэрняга штурму беларускай міліцыі на сядзібу СПБ. Іх мы тут ня будзем пераказваць, бо яны зводзяцца да таго, што беларускія ўлады сілай вывелі зь сядзібы Саюзу палякаў легальна абранае кіраўніцтва, і ўвялі свайго чалавека – Тадэвуша Кручкоўскага. Гэта фактычны канец існаваньня Саюзу палякаў Беларусі. Арганізацыя перастала быць грамадзкай. Цікавейшыя, відаць, камэнтары, якіх сабралося ў сёньняшніх польскіх газэтах даволі шмат. Першае, на што адразу можна зьвярнуць увагу, гэта тое, што палякі здолелі не паддацца на правакацыі Лукашэнкі, і ўспрымаюць атакі на польскую меншасьць у шырэйшым кантэксьце. На старонках уплывовай цэнтрысцкай штодзёнкі Gazeta Wyborcza, выказваецца беларускі пісьменьнік і публіцыст Сакрат Яновіч. «Палякі неяк ня хочуць паверыць у тое, што я кажу здавён. Рэспубліка Беларусь – гэта савецкая дзяржава, і людзі якія там жывуць – людзі савецкай нацыянальнасьці. Улада там не беларуская, а савецкая. А савецкай уладзе, як вядома, патрэбны вораг. Безь яго яна ня здольная функцыянаваць. Ідэальным ворагам зьяўляюцца тамтэйшыя палякі. Вядома, што Саветы на Зьвяз палякаў не далі ні капейкі, і што ў сувязі з гэтым арганізацыю фінансуе Варшава. А Лукашэнка лічыць Варшаву імпэрыялістычнай і грознай. У такой сытуацыі лёгка абвінаваціць СПБ ў тым, што яны “варожыя агенты”. Калі б Бог не забраў у Лукашэнкі розуму, ён бы дбаў пра Саюз палякаў. Біў бы яго, але так, каб не забіць. Лукашэнка спрытна выкарыстоўвае атавізмы ў старэйшага пакаленьня беларусаў, у якіх палякі надалей выклікаюць асацыяцыі з панамі й прыгнятальнікамі. Таму старэйшаму пакаленьню падабаецца тое, што робіць дыктатар. На шчасьце ёсьць яшчэ моладзь, якая паволі ўздымае галовы, і якая пачынае думаць самастойна. Але каб нешта зьмянілася, неабходная нацыянальная ўлада. Мусіць мінуць гадоў 20, пакуль памрэ старое пакаленьне” – піша Сакрат Яновіч. «Gazeta Wyborcza» публікуе таксама шэраг цікавых здымкаў. На адным зь іх сфатаграфаваны зьмест SMS-а, які атрымала легальна абраная старшыня СПБ Анжэліка Борыс: «Амэрыканцы плянуюць для цябе лёс Ганчара». Экспэрт нямецкай фундацыі “Навука й палітыка“, Каі-Оляф Лянг, кажа прэстыжнай газэце «Rzeczpospolita“, што ў сувязі з набіжэньнем выбараў Лукашэнка знайшоў у Саюзе палякаў выдатнага ўнутранага ворага, а ў Польшчы – вонкавага. Сьцвярджаючы, што Польшча зьяўляецца фарпостам інтарэсаў Захаду й ЗША, Лукашэнка раскрывае карты, і паказвае, што ён баіцца рэвалюцыі. “Аднак Беларусь – гэта не Ўкраіна, дзе былі парасткі грамадзянскай супольнасьці, свабода слова, а таксама прадстаўніцтвы заходніх фундацыяў і незалезных арганізацыяў. У Беларусі ўсяго гэтага няма. Таму цяжка спадзявацца зьменаў” – мяркуе экспэрт. Вінцук Вячорка ў сваім камэнтары для гэтай жа газэты кажа, што на жаль, дагэтуль Эўразьвяз і лідары ўплывовых краінаў сьвету успрымалі Лукашэнку як маладога кіраўніка, якога можна перавыхаваць. “Некаторыя польскія палітыкі дамагаліся лагоднагса падыходу да Лукашэнкі, але ён – просты вясковы боўдзіла, які кожныя ўступствы ўспрымае як слабасьць праціўніка. Таму я намаўляў бы да жорсткіх захадаў, але такіх, якія не каралі б усяго беларускага народу, але білі б хеўру, якая кіруе Беларусяй. Уся дэмакратычная Беларусь салідарная з Саюзам палякаў, з дэмакратычна абранымі ўладамі арганізацыі. Ніхто не сумняецца, што законнай старшынёй зьяўляецца Анджэліка Борыс. Беларусы баяцца, што ў эфэкце Беларусь будзе адрэзаная ад Польшчы, найважнейшай для нас дзяржавы Эўразьвязу”. – заяўляе для газэты „Rzeczpospolita” лідар Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка. “Вайна разгарэлася не на жарты” – кажа для той жа газэты былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч. Бачна, што ўлады Беларусі дзейнічаюць жорстка, і не вагаюцца выкарыстаць мэтады міліцыі й КДБ – інтрыгі й ґвалт. “На жаль, найбольш верагодны найгоршы са сцэнароў: беларускія ўлады воxмуц пад свой кантроль Саюз палякаў Беларусі. Непаслухмяных чальцоў СПБ верагодна будуць перасьледваць. Анджэліка Борыс і яе паплечнікі прайгралі бітву, але маральная перамога за імі. Я захоплены імі. Яны сапраўдныя героі Беларусі”. Як павінен рэагаваць польскі ўрад? – задае пытаньне дыплямат. І адказвае: «Жорстка. Больш радыкальна. І перадусім падтрымваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі”. “Rzeczpospolita” публікуе цікавы артыкул пра Аляксандра Лукашэнку і ворагаў, якіх ён сабе стварае. Першымі ворагамі дыктатара сталіся палітыкі. Гэта ж канкурэнцыя! Некаторыя апазыцыянэры – Юры Захаранка і Віктар Ганчар – зьніклі бязь весткаў. Генадзь Карпенка памёр у дзіўных акалічнасьцях ад сэрца, хаця сэрца ў яго было здаровае. Чарговыя ворагі Лукашэнкі – журналісты. Некаторыя зь іх зашмат ведаюць, некаторыя зашмат гавораць. Зьмітра Завадзкага хутчэй за ўсё забілі людзі Лукашэнкі. Павал Шарамет быў вымушаны ўцякаць у Расею. Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка адсядзелі сваё за тое, што адважыліся самастойна думаць. А колькі б яшчэ было журналістаў-ахвяраў, і журналістаў-ворагаў, калі б у Беларусі захавалася вольная прэса! Але гэта ня ўсе ворагі цяперашняга беларускага прэзыдэнта. На чарзе моладзь. Лукашэнка ня любіць беларускай мовы й беларускай культуры. Ня любіць і моладзі, якая хоча вучыцца й гаварыць па-беларуску. Зачынены коласаўскі ліцэй і Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт. Вучні ліцэю цяпер вучацца ў Варшаве. А найноўшы вораг – гэта палякі. Хто будзе наступны? Можа ў сувязі з курсам на збліжэньне з Расеяй, ворагамі акажуцца ўсе хто супраць такога курсу? Паводле радыё "Палонія"
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|