Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітвязьня Паўла Севярынца праводзілі на «хімію» 16:13, 15/08/2005
15 жніўня Павал Севярынец мусіць зьявіцца ў спэцкамэндатуру гарадзкога пасёлка Ветрына на Полаччыне, дзе мае адбыць два гады, прысуджаныя яму за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году – супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Сёньня каля дому Паўла Севярынца ў Віцебску сабраліся родныя і сябры, каб правесьці яго на так званую “хімію”.
Маці Паўла Севярынца, спадарыня Тацяна, распавяла пра тое, што яе найбольш турбуе цяпер, калі месца пакараньня сына пасьля трох тыдняў чаканьня адпаведнага распараджэньня, нарэшце стала вядомае.
"Што мяне цяпер найбольш хвалюе, дык той кантынгент. Якія там будуць людзі побач? Ці ня будзе крадзяжоў, ці ня будзе гвалту? Ведаю, што сын пастаіць за сябе. Не, біцца ён ня будзе, гэта для яго прынцыпова, ён умее ладзіць зь людзьмі. Спадзяюся, што там ня будзе такіх ужо правакацыяў, але, як і любая маці, я вельмі хвалююся", -- паведаміла жанчына “Радыё Свабода”.
Сам Павал Севярынец выглядаў спакойным, і, разьвітваючыся зь сябрамі, гаварыў пра тое, што два наступныя гады ў зьняволеньні ніяк ня ёсьць для яго прычынай для засмучэньня.
"Настрой у мяне добры. Як напісана ў Эвангельлі, “шчасьлівыя тыя, хто церпіць перасьлед за праўду, бо іхнае ёсьць Царства Нябеснае”. Калі Бог дае такое выпрабаваньне, значыць, гэта нагода для самаўдасканаленьня. І я спадзяюся вярнуцца з “хіміі” лепшым, чымсьці ёсьць цяпер. Але найбольш мяне хвалюе ня Ветрына, і што там ды як складзецца, а што застаецца тут, на волі. Спадзяюся, што ў 2006-м годзе мы здолеем зьмяніць сытуацыю, а таму зычу ўсім, хто застаецца на волі, трываласьці і веры", -- сказаў Павал Севярынец.
У наступныя два гады ён мяркуе завяршыць сваю чарговую кнігу, а таксама працаваць з новымі сябрамі, якіх ён спадзяецца сустрэць.
Як ён сам прызнаўся, для працы зь людзьмі ў Ветрыне Павал Севярынец узяў некалькі падручнікаў беларускай мовы, шмат кніг рэлігійнага зьместу для вернікаў каталіцкай, праваслаўнай ды пратэстанцкіх канфэсіяў, а таксама дапаможнікі па гісторыі Беларусі, – спадзеючыся, што ўсе гэта на новым месцы будзе запатрабаваным.