Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч выходзяць на волю 10:52, 15/08/2005
Сёньня сябры “Маладога фронту” будуць сустракаць сваіх паплечнікаў Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якія выйдуць на волю пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту за пікет 5 жніўня насупраць польскай амбасады ў Менску. Пікет праходзіў пад лёзунгамі беларуска-польскай салідарнасьці.
Некалькі дзён на тым самым месцы сябры БРСМ таксама праводзілі акцыю – яны пілавалі дрэва, але іх ніхто не затрымліваў.
Маладафронтаўцаў затрымалі даслоўна праз колькі хвілінаў пасьля таго, як пачаўся пікет. Міліцыянты ня сталі складаць палітычна матываванага пратаколу – за несанкцыянаваны пікет. Непаўналетніх адпусьцілі, а для актывістаў Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча знайшлі выйсьце. Адзін з БРСМаўцаў напісаў скаргу, што хлопцы нібыта нецэнзурна сварыліся. Таму на іх склалі пратакол за дробнае хуліганства.
Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч больш за дзясятак разоў адбывалі арышт у спэцпрымальніку. Яны ніколі не скардзіліся адміністрацыі на ўмовы ўтрыманьня, нягледзячы на тое, што хлопцаў ніколі не выводзяць на шпацыр, яны заўсёды сядзяць разам з асацыяльнымі элемэнтамі, у камэры не хапае сьвятла і задуха.
Палітвязьняў традыцыйна сустракаюць ля брамы спэцпрымальніка ня толькі партыйныя паплечнікі. Раней былі выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі за дзьве гадзіны да заканчэньня тэрміну адбыцьця пакараньня вывозілі хлопцаў у аддзел міліцыі, каб сарваць ўрачыстую сустрэчу. Аднаго разу ўзімку маладафронтаўцы нават замовілі аркестар на вуліцу Акрэсьціна. Сустракалі сваіх сяброў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, нагадвае «Радыё Свабода».