Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«The Scotsman»: Эўразьвяз будзе адкрыта фінансаваць апазыцыю ў Беларусі 10:38, 16/08/2005
Эўрапейскія СМІ паведамілі гэтымі днямі пра новы дакумэнт аддзелу палітыкі Эўразьвязу што да фінансаваньня беларускай апазыцыі ў зьвязку з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй. Спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў Эўразьвязе, журналіст брытанскага выданьня "The Scotsman" (менавіта Вялікая Брытанія цяпер старшынюе ў гэтае арганізацыі) піша пра тое, што адказныя эўрапейскія палітыкі разглядаюць магчымасьці адкрытага фінансаваньня праціўнікаў Лукашэнкі, паведамляе “Радыё Свабода”.
Паводле брытанскага выданьня "The Scotsman", у падрыхтаваным эўрапейскімі чыноўнікамі дакумэнце гаворыцца пра тое, што “рэжым Лукашэнкі становіцца ўсё болей і болей рэпрэсіўным”. Экспэрты ўказваюць на жорсткі перасьлед апазыцыі і прыхільнікаў рэформаў, а таксама ўздымаюць пытаньне адносна наўпроставай падтрымкі Эўропай беларускай апазыцыі.
Як піша "The Scotsman", калі такое наўпроставае фінансаваньне дэмакратычных пераменаў у Беларусі будзе ўхваленае эўрапейскім кіраўніцтвам, то гэта будзе азначаць істотныя зьмены ў брусэльскай міжнароднай палітыцы. Паводле выданьня, эўрапейскія пляны ніяк ня ўзрадуюць Маскву. Бо Крэмль ўсё яшчэ ніяк ня можа ачуняць пасьля перамогі аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне і расцаніць гэта як адпаведны выклік Эўропы, піша брытанскі журналіст.
Тым часам, вынікае з публікацыі, эўрапейскія дыпляматы перакананыя, што менавіта падобнае наўпроставае фінансаваньне беларускай апазыцыі надасьць апанэнтам рэжыму больш шанцаў у канкурэнцыі з Лукашэнкам на будучых выбарах. Паводле эўрапейскіх лідэраў, цяпер беларускі кіраўнік мае ўсе магчымасьці для таго, каб пазбавіць апазыцыйных кандыдатаў магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі.