Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Стваральнікаў інтэрнэтных мультфільмаў дапытаюць у пракуратуры 10:38, 17/08/2005
Супрацоўнікі КГБ Беларусі зрабілі ператрус у кватэрах сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”, у якую ўваходзяць студэнты розных навучальных установаў. Забралі дванаццаць кампутараў, дзясяткі дыскаў і іншых носьбітаў інфармацыі. Студэнты стварылі мультклюб і ў інтэрнэце распаўсюджвалі свае кароткія фільмы. Вядуцца допыты. Стваральнікаў мульцікаў падазраюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Радыё Свабода». КГБ стварыў прэцэдэнт. Раней ніколі не было крымінальнага перасьледу аўтараў мультфільмаў.
Мультклюб -- грамадзянскую ініцыятыву, якую яны назвалі “Трэці шлях” (http://mult.3dway.org) -- студэнты некалькіх беларускіх ВНУ стварылі год таму. Студэнты рабілі кароткія дзьвюххвілінныя гумарыстычныя мультфільмы, героямі якіх былі кіраўнікі дзяржавы, апазыцыйныя палітыкі і простыя грамадзяне краіны. Натуральна, большасьць зь іх мае палітычны зьмест. Сябры клюбу кажуць, што ведалі пра тое, што за імі сочаць, чытаюць перапіску, але ператрусы, а потым допыты і крымінальная справа сталі для іх нечаканасьцю. У выніку ператрусу ў хлопцаў яшчэ й забралі ўсе дакумэнты, нават пасьведчаньні аб заканчэньні школаў.
Сярод карыстальнікаў інтэрнэтам мульцікі карыстаюцца вялікім попытам. Павал Марозаў, сябра клюбу, які даваў паказаньні ў КГБ, кажа, што ўлады зрабілі вялікую памылку, бо сьмех – гэта вельмі страшная зброя.
“У інтэрнэце галоўнае – гэта прафэсійны ўзровень прадукту. Калі ён адпавядае нейкім каштоўнасьцям гледачоў, тады ён заўсёды будзе распаўсюджвацца. У гэтай справе самае сьмешнае, што нас спрабуюць абвінаваціць у тым, што мы абражаем прэзыдэнта. Але калі ў людзей выклікаюць сьмех цытаты, то каму тут на што скардзіцца? Калі мультыплікацыйны герой, падобны на Аляксандра Лукашэнку, гаворыць яго цытатамі, паводзіць сябе, як ён, і гэта выклікае сьмех, то чаму тады КГБ не прыходзіць зь ператрусам да супрацоўнікаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі? Яны ж больш за нас адлюстроўваюць жыцьцё прэзыдэнта. Усе мы ведаем, што даволі часта і без мульцікаў народ сьмяецца зь яго выказваньняў”, -- паведаміў Павал Марозаў.
За каменатарамі “Радыё Свабода” звярнулася да ўкраінскіх стваральнікаў мультфільмаў на вядомую студыю “Дзіва прадакшн”. Карыстальнікі інтэрнэту памятаюць сэрыял “Вэсэлі яйца” у часе выбарчай кампаніі. Міхаіл Баркоўскі, адзін з аўтараў малюнкаў і тэкстаў казаў, што ваяваць з мульцяшкамі ўсё роўна, што з ветранымі млынамі.
“Ваяваць з гумарам, хай нават з гумарам, які кранае палітычныя тэмы… Ну былі б тэксты даволі зьедзлівыя, але ваяваць з мульцяшкамі – усё роўна, што ваяваць зь ветракамі. Мы глядзелі вашы мультфільмы, бачылі вашы пэрсанажы. Ну, зроблена дастаткова прафэсійна. Яны даволі карэктныя. Гумар у межах. Ніхто нікога не абражае. Таму я вельмі нэгатыўна да гэтага стаўлюся. Шчыра кажучы, пра такое нідзе ня чуў”, -- кажа Міхаіл Баркоўскі.
Беларускі калега Міхаіла Баркоўскага, якога падазраюць у аўтарстве фільмаў, знаходзіцца пад падпіскай аб нявыязьдзе. Мастакі не выключаюць, што інцыдэнт зь беларускімі мастакамі можа пацягнуць за сабой акцыю салідарнасьці і карыстальнікі інтэрнэту ўбачаць новыя мультфільмы, якія будуць стварацца ў іншых краінах. Але гэты працэс беларускія ўлады ўзяць пад кантроль не здолеюць.