Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зліквідавана прадпрыемства, якое выдавала газету «День» 16:19, 22/08/2005
Мінгарвыканкам зліквідаваў Таварыства з абмежаванай адказнасцю (ТАА) “Деньпресс”, якое з’яўляецца выдаўцом недзяржаўнай газеты “День”. Дырэктар ТАА “Деньпресс” Мікола Маркевіч даведаўся пра гэта ўвечары 19 жніўня ад супрацоўнікаў падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна г. Мінска. Рашэнне аб ліквідацыі падпісалі 4 ліпеня старшыня Мінгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў і кіраўнік справамі Міхаіл Савановіч.
Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у рашэнні Мінгарвыканкама падставай для ліквідацыі названа “неажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці напрацягу 6 месяцаў запар і ненакіраванне камерцыйнай арганізацыяй падатковаму органу паведамлення аб прычынах неажыццяўлення такой дзейнасці”. Прадстаўленне аб ліквідацыі “Деньпресс” накіравала ў Мінгарвыканкам падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна.
“Гэта палітычны заказ, такі ж самы, як закрыццё газеты “Пагоня”, - перакананы М. Маркевіч. “Дадзенае рашэнне не заснавана ні на фактах, ні на законе, - лічыць ён. - Дастаткова сказаць, што ТАА “Деньпресс”, якое выдае газету “День”, 26 траўня выпусціла газету, нумар якой быў пасля затрыманы ў 40 км ад беларуска-расійскай мяжы. Калі гэта не гаспадарчая дзейнасць, то што?”.
“Мы маем намер падаваць скаргі ў суд, каб гэтае беззаконне было зафіксавана”, - заяўляе дырэктар ТАА “Деньпресс”.