Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Колькі зарабляюць «палатнікі» й старшыня ЦВК? 10:45, 01/09/2005
Тыднёвік “Белорусы и рынок” паведаміў пра падваеньне заробкаў супрацоўнікаў Цэнтравыбаркаму Беларусі за мінулы год. Заробак дэпутатаў так званай «палаты прадстаўнікоў» за гэты час павялічыўся ў паўтара разы й склаў у сярэднім 2 мільёны 245 тысяч рублёў. Ці сапраўды гэта так, высьвятляў карэспандэнт «Радыё Свабода».
Закон аб абавязковым штогадовым дэкляраваньні дзяржаўнымі службоўцамі й іхнымі сямейнікамі прыбыткаў і маёмасьці пакуль ня ўхвалены — яго маюць разглядаць на веснавой сэсіі «парлямэнту». Але адносна заробкаў пэўных катэгорыяў службоўцаў ёсьць пэўная статыстыка.
Сярэдні заробак супрацоўнікаў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, паводле зьвестак газэты “Белорусы и рынок”, цяпер складае да 2 мільёнаў 144 тысяч рублёў — амаль тысячу даляраў. Аглядальнік тыднёвіка Канстанцін Скуратовіч зьвязвае падвышэньне заробкаў супрацоўнікаў ЦВК больш чым удвая (на 209, 8 адсотка) за пэрыяд зь ліпеня 2004 году да ліпеня 2005-га, з удалым, з гледзішча ўладаў, правядзеньнем кастрычніцкага рэфэрэндуму аб магчымасьці падаўжэньня паўнамоцтваў А.Лукашэнкі.
“Служачыя Цэнтравыбаркаму добра разумеюць, што й за якія грошы яны робяць. Яны добра разумеюць: калі ня будуць гэтага рабіць, то ўсё можа закончыцца вельмі дрэнна для іх пэрсанальна. Ня кажучы там пра нейкія рэпрэсіі, яны перадусім згубяць добры заробак і добрае месца працы”, -- кажа Скуратовіч.
Спадар Скуратовіч не выключае, што да прэзыдэнцкіх выбараў заробкі супрацоўнікаў ЦВК будуць падвышаны яшчэ.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не аспрэчыла названай сумы — 2 мільёны 144 тысячы рублёў — заробку толькі адносна сябе.
“У мяне сярэдняя заробная плата можа быць і такая. Такі ж заробак і ў міністраў”, -- сказала яна.
Паводле тыднёвіка “Белорусы и рынок”, за мінулы год істотна вырас і заробак так званых «дэпутатаў» — у 1,5 разы, і ў сярэднім ён складае 2 мільёны 245 тысяч рублёў.
Як паведаміў «Радыё Свабода» былы сьпікер «савету рэспублікі» Аляксандар Вайтовіч, вышэйшаму кіраўніцтву Беларусі даплачваюць валютай — у капэртах. Якія сумы й каму, — спадар Вайтовіч паведаміць ня змог. Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію расейскаму тэлеканалу “ТВЦ” таксама пацьвярджаў, што вышэйшым чыноўнікам у Беларусі даплачваюць.