Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мікола Статкевіч абвяргае беларускае тэлебачанне 16:18, 06/09/2005
Беларускі палітвязень, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч выступіў з заявай, у якой абвяргае звесткі, пададзеныя пра яго беларускім тэлебачаньнем. “1 і 2 верасня беларускае телебачанне распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што быццам бы я некалькі год таму звяртаўся да ўрада Чэхіі з патрабаваннем не даваць нашай краіне чэшскі крэдыт для набыцця зерня. Я заяўляю, что гэта інфармацыя з’яўляецца брудным паклёпам і маной. Я і ўзначальваемая мною БСДП(НГ) заўсёды выступалі супраць эканамічнай ізаляцыі Беларусі”, -- гаворыцца ў заяве, якую атрымаў прэс-цэнтр Хартыі’97. Нагадаем, што Мікола Статкевіч зараз адбывает пакараньне ў Баранавічах. Палітыка асудзілі да двух гадоў абмежавання волі за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і парламенцкіх выбараў.
Заява Мікалая Статкевіча, Старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
1 і 2 верасня беларускае телебачанне распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што быццам бы я некалькі год таму звяртаўся да ўрада Чэхіі з патрабаваннем не даваць нашай краіне чэшскі крэдыт для набыцця зерня. Я заяўляю, что гэта інфармацыя з’яўляецца брудным паклёпам і маной. Я і ўзначальваемая мною БСДП(НГ) заўсёды выступалі супраць эканамічнай ізаляцыі Беларусі. Што тычыцца адносін з Чэхіяй, то якраз наадварот сказаннаму БТ мы прыкладвалі шмат намаганней для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Так, напрыклад, у красавіку 2002 года я даў згоду на сустрэчу майго госця, тагачаснага кіраўніка ўраду і лідара сацыял-дэмакратаў Чэхіі Мілаша Зэмана з А. Лукашэнкам, які дамагаўся гэтай сустрэчы. Я даў згоду, ня гледзячы нават на тое, што толькі што выйшаў з турмы пасля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у дэманстрацыі ў Дзень Канстытуцыі, бо зыходзіў з інтарэсаў беларускай дзяржавы і, найперш, эканомікі. Але гэтая сустрэча так і не адбылася па віне сп. Лукашэнкі, якога не задаволіў яе фармат, а дакладней – умова М. Зэмана аб абавязковым удзеле ў ёй старшыні БСДП(НГ). Дарэмна я праз пасрэднікаў гарантаваў, што не буду дзеля нацыянальных інтарэсаў падымаць на гэтай сустрэчы палітычныя пытанні. У адказ мне было перададзена: Лукашэнка згодзен на прапанаваны Зэманам фармат сустрэчы толькі пры ўмове выканання абсурднага патрабавання – я павінен публічна заявіць, што не буду ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Бо, маўляў, ён не хоча ўзмацняць будучага канкурэнта. У выніку сустрэча сарвалася. Дарэчы, М. Зэман, пасля размовы са сваякамі зніклых і рэпрэсаваных палітыкаў пад уздзеяннем пачутага сказаў мне: ”Як добра, што мы не сустрэліся з гэтым спадаром.”
Такім чынам, адзіны вядомы мне беларускі палітык, які дзеля асабістай ўлады падрывае міжнароднае эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі, атрыманне ёй крэдытаў і інвестыцый не толькі з Чэхіі, але і з ўсяго цывілізаванага свету, – гэта Аляксандр Лукашэнка.
І яшчэ – мяне вельмі здзіўляе неверагодная нізасць гэтай ўлады. Мала было стварыць чарговага сацыял-дэмакратычнага клона, аштрафаваць і апісаць маёмасць сям’і, прысудзіць да абмежавання волі. Але нават пасля ўсяго гэтага бруднае змаганне з ужо асуджанным працягваецца з выкарыстаннем яўных і неяўных механізмаў магутнай дзяржаўнай машыны. Працягваецца праз дадатковае абмежаванне і так ужо абмежаванай волі, праз бандыцкі захоп офісу і дакументаў партыі праз танныя паклёпніцкія перадачкі БТ. Але за ўсёй гэтай бруднай агрэсіяй я бачу найперш вялікі страх перад непазбежным. Правільна палохаешся.