Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
      1 2 3 4
5 6 78 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30    




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



«Зона 46»
11:24, 07/09/2005, Iгар Карней, «Радыё Свабода»

У Драздах, побач з жылой рэзiдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкi, шпаркiмi тэмпамi ўзводзяцца катэджы для беларускай наменклатуры. Шэраг двух-трохпавярховых дамоў па так званай першай лiнii забудовы ўжо выглядаюць цалкам жылымi, яшчэ некалькi дзесяткаў выведзеныя пад дах i цяпер у чаканнi знешняга ды ўнутранага аздаблення. Карэспандэнт «Радыё Свабода» напярэдаднi наведаў так званую “зону 46", якая ад пачатку прызначалася пад паркавы комплекс, i паблукаў побач з адзiным кампактным паселiшчам для чыноўнiкаў.

Улады Лiтоўскай Рэспублiкi нечаканым спосабам аддзячылi тым, хто паўтара дзесятка гадоў таму абараняў незалежнасць краiны ад СССР. У цэнтры Вiльнi выдаткаваны надзелы зямлi, дзе ўдзельнiкi руху супрацiву могуць пабудаваць сабе прыватныя дамы. Сярод iх не толькi палiтыкi, але i грамадскiя дзеячы, прадстаўнiкi культуры i мастацтва — усе, хто ахвяраваў жыццём дзеля суверэнiтэту Лiтвы. Для ўсiх прадугледжаны льготныя механiзмы крэдытавання.

Цiкава, што ў Беларусi таксама будуюцца загарадныя дамы для асобных прадстаўнiкоў вышэйшага кiраўнiцтва. Аднак цi можна назваць кiраўнiка краiны i ягонае атачэнне сапраўднымi барацьбiтамi за незалежнасць Беларусi? Чым прынцыпова розняцца дзве будоўлi? Цi могуць марыць беларускiя адраджэнцы пра ўшанаванне кшталту таго, пра якое абвясцiлi ў суседняй Лiтве?

Пытанне, збольшага, рытарычнае. У гэтай сувязi досыць, бадай, аднаго красамоўнага прыкладу: былы кiраўнiк краiны, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусi Станiслаў Шушкевiч мае пенсiю ў паўтара долара (вядома, ён яе наогул не атрымлiвае. — Рэд.). I каб не лекцыi, з якiмi спадара Шушкевiча запрашаюць вядучыя унiверсiтэты свету, пра iснаванне на такiя грошы можна было б казаць толькi з вялiкай доляй здзеку.

Таксама цяжка сабе ўявiць, каб за заслугi перад Бацькаўшчынай цяперашняе кiраўнiцтва Беларусi выдаткавала крэдыт на будаўнiцтва прыватнага дома заснавальнiку i нязменнаму лiдэру Беларускага Народнага Фронту (сёння ён мае назву ГА “БНФ ”Адраджэньне". — Рэд.) Зянону Пазьняку — маўляў, будуйце, жывiце, Радзiма ўдзячная за вашу самаадданасць. Большасць суразмоўцаў, з кiм напярэдаднi я хацеў збудаваць гiпатэтычныя паралелi з лiтоўскiм прыкладам ўшанавання прыхiльнiкаў iдэi незалежнасцi, адмахвалiся альбо смехам, альбо не вельмi прыемнымi выпадамi на адрас рэжыму.

У сувязi з гэтым можна канстатаваць, што ў Драздах побач з рэзiдэнцыяй Лукашэнкi шпарка ўзводзяцца катэджы для беларускай наменклатуры. Гэта, бадай, найлепшы адказ на спробы паралеляў у разуменнi сродкаў дасягнення суверэнiтэту.

Уся будоўля вядзецца за высокiм плотам, будаўнiкi ўваходзяць на тэрыторыю толькi праз адну браму, таму пабочныя наведвальнiкi туды трапiць не могуць. Да таго ж па ўсiм перыметры стаяць мiлiцыянеры, якiя, вiдавочна, уваходзяць у склад аховы ўласна рэзiдэнцыi Аляксандра Лукашэнкi.

Што да густу?.. Тут трэба сыходзiць з асабiстых крытэрыяў, але кiдаецца ў вочы: усе дамы вельмi вялiкiя. Гэта ўжо не той замкавы стыль катэджаў з вежамi пачатку 90-х, якiя пры адсутнасцi камунiкацый так i засталiся даўгабудамi. У жыхароў пасёлка ў Драздах, падаецца, не будзе праблем нi з газам, нi з электрычнасцю — усе камунiкацыi вядуцца разам з будаўнiцтвам. Зрэшты, наведвальнiкi сайта “Свабоды” могуць пабачыць некаторыя з катэджаў, якiя мне ўдалося сфатаграфаваць. Пра тэндэнцыi ў малапавярховай забудове расказвае адзiн з самых кампетэнтных архiтэктараў, акадэмiк Вальмен АЛАДАЎ.

— Усе тыя “замкi” праектавалi (маецца на ўвазе некалi. — Рэд.) непрафесiяналы. Шукалi маладых i галодных, якiя зрабiлi б усё як мага танней. А цяпер пасёлкi праектуюцца з добраўпарадкаваннем — там, дзе дзяржаўная замова, усё зусiм iнакш.

— 900 долараў за метр — гэта нармальны кошт для катэджа?

— Нават да тысячы — прынамсi, па такiх коштах прадаюць. Падчас дэфiцыту рынкавыя цэны заўсёды перавышаюць рэальны кошт. Калi б “адпусцiлi” раздачу надзелаў тым, хто хоча будаваць, дэфiцыт хутка знiк бы. Таму што рвуцца многiя будаваць на продаж. Але фокусы з так званымi тэндэрамi — гэта поўная лухта. Няма механiзму, якi б мог нармальна вырашыць сiтуацыю. Дэфiцыт спараджае дарагоўлю, а пачынаюць рабiць крайнiмi дылераў. Але тут усё аб`ектыўныя рэчы, гэта чыстая эканомiка.

Згодна з Генеральным планам, зацверджаным указам Лукашэнкi ў 2003 годзе, так званая “зона 46" значылася як ”ландшафтна-рэкрэацыйная" з сярэдняй i нiзкай нагрузкай. Iншымi словамi — з забаронай на будаўнiцтва жылых аб`ектаў. Аднак яшчэ да прыняцця Генплана ў ваколiцах “Драздоў” пачалося будаўнiцтва катэджаў для вышэйшых беларускiх чыноўнiкаў. Менавiта пад iх, як шмат хто лiчыць, Генеральны план быў адкарэктаваны ўказам Лукашэнкi, i надзел плошчай амаль 80 гектараў вывелi па-за паркавую зону. Да мiнулага года яшчэ заставалiся спадзяваннi, што, магчыма, прэзiдэнт забаронiць будаўнiцтва. Але ёсць звесткi, што там будуецца i старэйшы сын Лукашэнкi, Вiктар, адпаведна, наўрад цi будоўлю спыняць: ужо не выпадае. Зрэшты, пра гэта сведчыць i маштаб працы — рабочых на аб`ектах не меней, чым вакол галоўнай будаўнiчай пляцоўкi краiны — Нацыянальнай бiблiятэкi. Усяго ж плануецца асвоiць тры лiнii — ад перайменаванага праспекта Пераможцаў да самой рэзiдэнцыi Лукашэнкi.

Хто з вышэйшых чыноўнiкаў ужо будуецца цi мае намер будавацца ў “Драздах”? Такiя звесткi параўнальныя з дзяржаўнай таямнiцай i разгалошваць iх нiводзiн чыноўнiк не будзе. Мiж тым Аляксандр Вайтовiч расказаў, што, калi ён быў старшынёй Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, таксама атрымаў прапанову на будаўнiцтва ад тагачаснай кiраўнiцы справамi прэзiдэнта Галiны Жураўковай. Спачатку Жураўкова прапаноўвала ўсiм аднолькавыя ўмовы — маўляў, гэта выльецца дзесьцi ў 70 тысяч долараў (толькi сцены, выдаткi на ўнутраныя працы дадатковыя).

Абмяркоўваўся механiзм крэдытавання, але той самы спадар Вайтовiч прыйшоў да высновы, што з заробкам старшынi Савета Рэспублiкi такое будаўнiцтва пацягнуць немагчыма. Таму, паводле слоў акадэмiка, у людзей, якiя там будуюцца, ёсць грошы, большыя, чым заробкi. Сярод гэтых асобаў — найвышэйшыя чыноўнiкi: прэм`ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi, кiраўнiк прэзiдэнцкай адмiнiстрацыi Вiктар Шэйман, былы старшыня Палаты прадстаўнiкоў Вадзiм Папоў i цяперашнi старшыня Уладзiмiр Канаплёў, старшыня Савета Рэспублiкi Генадзь Навiцкi, кiраўнiк Мiнгарвыканкама Мiхаiл Паўлаў, старшыня Нацбанка Пётр Пракаповiч. Напачатку адмовiўся ад будаўнiцтва старшыня Камiтэта дзяржкантролю Анатоль Тозiк, аднак потым цi то сродкi з`явiлiся, цi яго пераканалi, але цяпер Тозiк таксама будуецца. Апроч таго, актыўна забудоўваюць свае надзелы намеснiк кiраўнiка прэзiдэнцкай Адмiнiстрацыi Наталля Пяткевiч, мiнiстр замежных спраў Сяргей Мартынаў i, нягледзячы на адлучэнне ад улады, — Урал Латыпаў. На адной з прэс-канферэнцый мiнiстр унутраных спраў Уладзiмiр Навумаў таксама пацвердзiў: пакуль у яго няма загараднага дома, але будавацца ён збiраецца. Навумаў таксама расказаў, што да яго як да кiраўнiка хакейнай федэрацыi звярнулiся два хакеiсты з просьбай пабудавацца ў элiтным пасёлку. Гэта сведчыць пра тое, што, апроч чыноўнiкаў, да “Драздоў” маюць iнтарэс i спартсмены. Як сцвярджае спадар Вайтовiч, у спiсах быў i Аляксандр Лукашэнка.

Кошты катэджаў для чыноўнiкаў, на думку спецыялiстаў, нават пры вялiзных, на першы погляд сумах, iстотна занiжаныя. Таму суседзямi кiраўнiкоў краiны могуць стаць i звычайныя, але багатыя людзi — тыя самыя спартсмены. Вось што сказалi мне ў адмiнiстрацыi будаўнiчага трэста “Прамбуд”.

— Кошт — 900 долараў за метр. Але самы малы катэдж мае плошчу 350 метраў квадратных.

Скарыстаўшыся няхiтрай арыфметыкай, можна палiчыць: кошт самага сцiплага “драздоўскага” катэджа ў “голым вiдзе” (без унутранага аздаблення) стартуе ад 300 тысяч долараў. З улiкам тэндэнцыi на пастаяннае даражэнне нерухомасцi рынкавы кошт кожнага з такiх катэджаў праз некалькi год можа скласцi каля мiльёна долараў, i банкавыя крэдыты на iх будаўнiцтва акупяцца шматразова.

Дарэчы, новыя забудовы ў Драздах ужо атрымалi адпаведныя назвы вулiц (усе ў расiйскiм варыянце): вулiца Залатая, Сярэбранае кальцо, завулкi Iзумрудны i Агатавы. Як кажуць, назвы — у адпаведнасцi з публiкай.


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: