Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На трое сутак арыштавалі кіраўніка Ваўкавыскай арганізацыі АГП 17:35, 08/09/2005
Сёньня у Ваўкавыску на трое сутак пасадзілі Аляксандра Барадаўкіна — кіраўніка раённай арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі. Суд пакараў яго арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Іншы актывіст АГП павінен аддаць у якасьці штрафу сваю паўгадавую пэнсію.
27 жніўня, калі у ваўкавыскі Дом культуры прывезьлі ўдзельнікаў паўторнага зьезду Саюзу палякаў, на вуліцы сабраліся некаторыя гараджане, а таксама журналісты і актывісты Саюзу палякаў з Горадні, якіх не пусьцілі ўнутр. Усіх іх прыцягнула мерапрыемства, якое было праведзена па запатрабаваньні і пры падтрымцы ўладаў. Мін`юст скасаваў вынікі 6-га зьезду Саюзу палякаў, які адбыўся увесну ў Горадні, і на якім старшынёй гэтай грамадзкай арганізацыі была абраная Анжаліка Борыс. У Ваўкавыску ў бюлетэні была ўнесена толькі адная кандыдатура 69-гадовага пэдагога на пэнсіі Юзафа Лучніка, за якога прагаласавалі дэлегаты.
“У пратаколе было запісана, што мы праводзілі несанкцыянаваны пікет, што выкрыквалі антыпрэзыдэнцкія лёзунгі, парушалі грамадзкі парадак, і пры ўсім тым, што вакол нас паўсюль знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Мы нічога не выкрыквалі, мы папросту моўчкі стаялі”, -- расказаў “Радыё Свабода” Аляксандр Барадаўкін.
На судзе міліцыянты віной спадара Барадаўкіна назвалі толькі тое, што ён стаяў з чорнай павязкай побач са знаёмымі, а разам яны, маўляў, складалі пікет. За гэта кіраўніка мясцовай суполкі АГП судзьдзя Шукайла пакарала трохдзённым арыштам, і яго адразу забралі міліцыянты.
Учора судзьдзя Ланцэвіч па гэтаму ж абвінавачванню аштрафавала на 600 тысяч рублёў Віталя Гуляка —аднапартыйца спадара Барадаўкіна з АГП.