Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі выйшла кніга артыкулаў забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай 17:48, 08/09/2005
8 верасня ў Мінску прайшла прэзентацыя зборніка "Красным по белому", у які ўвайшлі лепшыя публікацыі Веранікі Чаркасавай - беларускай журналісткі, якую жорстка забілі 20 кастрычніка мінулага года. На прэзентацыю прыйшлі сваякі Веранікі, яе калегі, а таксама шматлікія героі яе публікацый. "Кніга, якую мы сёння маем, - гэта і гісторыя Беларусі апошняй трэці 20-га стагоддзя, і ўзор бліскучай журналістыкі", - зазначыла пад час прэзентацыі Наталля Кулінка, якая выступала адным з ініцыятараў выпуску зборніка. Кнігу "Красным по белому" можна замовіць, даслаўшы ліст на адрас zakaz_v_ch@yahoo.com
Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у зборнік "Красным по белому" (названы паводле аднаго з артыкулаў Веранікі) увайшлі публікацыі 1992 па 2004 гг., якія з`яўляліся ў самых розных беларускіх і расійскіх выданнях: "Голас Радізмы", "БДГ", "Белорусская газета", "Новое время", "Огонёк", "Салідарнасць"... Зборнік рыхтаваўся напрацягу некалькіх месяцаў групай валанцёраў, аб`яднаных жаданнем захаваць не толькі памяць пра Вераніку, але і той найкаштоўнейшы матэрыял, які яна сабрала і па-майстэрску апрацавала за гады сваёй працы ў журналістыцы. "Гэта сапраўды своеасаблівая гісторыя, апісаная праз лёсы канкрэтных людзей, і таму яна, думаю, будзе цікавейшая за шматлікія падручнікі", - лічыць адзін са складальнікаў зборніка, галоўны рэдактар газеты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч.
Генадзь Бураўкін, якога звязвае даўняе сяброўства з сям`ёй Веранікі, лічыць, што гэтая кніга пэўным чынам тлумачыць матывы яе забойцаў: "Вераніку, я думаю, забілі за яе сумленную і бескампрамісную пазіцыю. Тое, што яна таленавіты журналіст, было кожнаму відавочна. І, відаць, тое, па якой дарозе яна ішла як журналіст, спачатку некага раздражняла, а потым пачало ўжо і палохаць..."
Сімвалічна, што прэзентацыя адбылася ў Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Пра гэта нагадала прысутным старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна. "47 гадоў таму, менавіта 8 верасня, ад рук фашыстаў загінуў журналіст Юліўс Фучык, аўтар вядомых словаў "Людзі, будзьце пільныя!". Сёння ў Беларусі наша прафесія таксама ў небяспецы. Нам сапраўды трэба ўвесь час дэманстраваць салідарнасць і еднасць, дэманстраваць, што мы памятаем сваіх калег, якія так трагічна пайшлі з жыцця... Я думаю, што гэтая кніга - гэта таксама сімвал журналісцкай салідарнасці", - зазначыла Ж. Літвіна.
Аляксандр Старыкевіч лічыць відавочным нежаданне беларускіх ўладаў шукаць і караць забойцаў Веранікі. "У сённяшняй сітуацыі ў нас не так шмат магчымасцяў супрацьстаяць ім. Але выданне кнігі - гэта наш першы крок, які кажа: мы не забылі і ніколі не забудзем яе. Рана ці позна злачынцы будуць знойдзеныя, і апошняе слова застанецца за Веранікай...", - дадаў С. Старыкевіч.