Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітзняволенага Скрабца вярнулі ў СІЗА 16:08, 09/09/2005
Вядомы апазыцыйны палітык, былы дэпутат і кіраўнік групы “Рэспубліка” пасьля трох тыдняў мэдычнага абсьледаваньня ў турэмным шпіталі зноў пераведзены ў камэру сьледчага ізалятару па вуліцы Валадарскага ў Менску. Пра гэта “Радыё Свабода” паведаміла жонка вязьня Аляксандра Скрабец.
Паводле Аляксандры Скрабец, ні сустрэцца з мужам, ні перадаць яму пасылку на гэтым тыдні не атрымалася. І толькі зь лістоў, якія паступілі са шпіталю, яна ведае пра здароўе Сяргея Скрабца. Палітык паведамляе, што стан яго здароўя здавальняючы.
Сяргей Скрабец быў затрыманы 15 траўня каля свайго дому ў Менску. У той жа дзень яго адвезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар. Там на знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку, якая цягнулася амаль 40 дзён. Пасьля таго, як рэспубліканская пракуратура аб’яднала дзьве справы былога дэпутата — выманьваньне крэдытаў у дзяржавы і падбухторваньне да дачы хабару — у адну справу, сьледчы ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч вырашыў перавесьці арыштанта ў Менск.
Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмову. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджала, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.