Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Анатоль Лябедзька: Будынку недастаткова для правядзеньня кангрэсу 16:27, 14/09/2005
Менскія ўлады запэўнілі Аляксандра Бухвостава, старшыню аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў, што падтрымаюць правядзеньне апазыцыйнага форуму. Кіраўнік ідэалягічнай управы Менскага гарвыканкаму парэкамэндаваў будынак Палацу культуры Менскага аўтамабільнага заводу. Аднак частка актывістаў апазыцыі апасаецца правакацыяў з боку ўладаў і зрыву вылучэньня на кангрэсе адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што будынку Палацу культуры недастаткова для правядзеньня кангрэсу. Ад беларускіх уладаў, на ягоную думку, патрэбна дамагацца выкананьня іншых умоваў: забесьпячэньня візамі іншаземных гасьцей і журналістаў; прадастаўленьня магчымасьці арганізатарам кангрэсу выступіць па тэлебачаньні з тлумачэньнем мэтаў і задачаў кангрэсу; скасаваньня судовых рашэньняў супраць арганізатараў сходаў па вылучэньні дэлегатаў і вяртаньня канфіскаванай інфармацыйнай прадукцыі.
“І ў залежнасьці ад таго, якія мы атрымаем адказы, будзе відаць, ці гэта чарговая папулісцкая заява Лукашэнкі і ўладаў, ці яны насамрэч хацелі б рэальна садзейнічаць канстытуцыйнаму праву партыяў, арганізацыяў, проста палітычна актыўных грамадзянаў на правядзеньне палітычнага мерапрыемства — Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў”, -- паведаміў Лябедзька “Радыё Свабода”.
Анатоль Лябедзька мяркуе, што толькі пасьля адказу ўладаў на гэтыя патрабаваньні можна будзе зрабіць канчатковы выбар месца правядзеньня кангрэсу.