|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Свабода ў Мiнску ледзь чутна 10:51, 19/09/2005, «Народная воля» Выконваючы абавязкi дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Багдан Андрусiшын (сцэнiчны псеўданiм Данчык) кажа, што з`ява гэтая даволi частая — слухачы скардзяцца на дрэннае вяшчанне радыё. — Нам тэлефануюць, дасылаюць лiсты. Мы i самi вядзём манiторынг якасцi прыёму нашых праграм. Стараемся, наколькi гэта магчыма, рэагаваць, але, на жаль, тут не ўсё залежыць ад нас... — Цi ўдалося высветлiць, чаму адбываецца “глушэнне” вяшчання? — Непасрэдных сведчанняў таго, што нас “глушаць”, няма. Калi б нас нехта пачаў глушыць, так, як гэта было ў старыя савецкiя часы, дзесяткi дасведчаных радыёаматараў iмгненна б гэта заўважылi i паведамiлi б нам. Дрэнны прыём можа быць выклiканы рознымi прычынамi. Гэта могуць быць уключаныя электрапрылады — тэлевiзар, камп`ютэр, фен цi штосьцi падобнае. Тады iх трэба проста выключыць. Могуць быць пашкоджаннi ў самiм прымачы, можа быць пашкоджаная электраправодка — тут ужо без дапамогi майстра не абысцiся. Яшчэ адна праблема, з якой мы сутыкнулiся за апошнi год, — павышаная сонечная актыўнасць. Магнiтныя буры на Сонцы часам робяць прыём на кароткiх хвалях немагчымым. Але з гэтым, на жаль, змагацца нельга. — Цi iснуе апаратура, якая дапамагае высветлiць, цi перашкаджае хтосьцi наўмысна вяшчанню Радыё Свабода? — Каб высветлiць, цi перашкаджае нехта нашаму вяшчанню, нiякай спецыяльнай апаратуры, апрача звычайнага прымача, не трэба. Зусiм не цяжка высветлiць, што канкрэтна перашкаджае сiгналу — праца iншай станцыi, побытавыя або атмасферныя перашкоды або сапраўды мэтанакiраванае глушэнне. — Я чула такое меркаванне: галоўная праблема прыёму праграм беларускай Свабоды ў тым, што радыё мае нязручныя для вяшчання хвалi. Што Вы можаце сказаць на гэты конт? — Мы аператыўна iнфармуем аб праблемах прыёму нашыя тэхнiчныя службы. Вельмi важнае значэнне тут маюць выбар частот i перадатчыкаў — часта слухачы наракаюць, што нашыя праграмы зусiм не чуваць, затое вельмi добра прымаюцца праграмы нашых расiйскiх або ўкраiнскiх калег. На вялiкi жаль, памiж намi i службай, якая займаецца размеркаваннем частот i выбарам месца, а таксама магутнасцi перадатчыкаў, стаяць яшчэ некалькi iнстанцый, i таму любых зменаў даводзiцца чакаць... Частоты мяняюцца два разы на год — разам з пераходам на летнi або зiмовы час. Змена частот чакае нас ужо ў наступным месяцы. Будзем спадзявацца, што гэтым разам нам пашанцуе болей. — Спадар Багдан, а якiя парады гучаць у праграме “Настрой на Свабоду”? — Перш за ўсё мы раiм карыстацца вядомымi старымi прымачамi. Улiчваючы эканамiчную недаступнасць заходнiх прафесiйных цi паўпрафесiйных прымачоў, найлепшымi ў нашых умовах застаюцца “Акiяны”, “ВЭФы”, “Ленiнграды” i падобныя да iх прымачы з расцягнутым дыяпазонам кароткiх хваляў (25, 31, 41 i 49 метраў). Лепшыя, вядома, тыя, што могуць сiлкавацца ад электрасеткi — не трэба трацiцца на батарэйкi. Акрамя таго, трэба добра азнаёмiцца з раскладам i частотамi нашых праграм. Справа ў тым, што ў розны час на розных частотах якасць прыёму розная — трэба для кожнай праграмы выбраць адну-дзве лепшыя частаты i запомнiць iх. Пажадана зрабiць асобную антэну: трэба ўзяць 20—30 метраў тонкага меднага дроту (накшталт таго, што выкарыстоўваецца ў абмотцы трансфарматараў), накруцiць спiраллю, напрыклад на аловак, i расцягнуць пад столлю (у драўляным, цагляным доме) або на балконе цi за акном (у доме з жалезабетонным зварным каркасам). Зачышчаны ад iзаляцыi канец антэны замацаваць у спецыяльным антэнным гняздзе на задняй панэлi прымача. Прымач трэба размяшчаць як мага далей ад тэлевiзара, камп`ютэра, халадзiльнiка, побытавых электрапрыладаў i пажадана блiжэй да вокнаў, радыятараў; часам мае сэнс паспрабаваць перанесцi прымач у iншы пакой, наогул пашукаць месца ў доме, дзе чутнасць найлепшая. — А цi ёсць рознiца, на якiх хвалях — кароткiх або сярэднiх — слухаць “Свабоду”? — Перавага сярэднiх хваляў над кароткiмi ў тым, што сярэднехвалевы дыяпазон мае абсалютная большасць прымачоў, у тым лiку, напрыклад, аўтамабiльных. Аднак сярэднiя хвалi маюць i свой мiнус — радыёперадатчык мусiць быць дастаткова магутны i знаходзiцца як мага блiжэй да месца прыёму. У нашым канкрэтным выпадку справы выглядаюць так: праграмы Беларускай Свабоды рэтранслююцца нашымi калегамi з Радыё Балтыйскiя хвалi праз перадатчык, якi размешчаны ў самым цэнтры Вiльнюса — адлегласць напрамую да Мiнска складае каля 170 кiламетраў. У паўночна-заходняй частцы Беларусi — за Лiдай, Паставамi, Маладзечнам — гэтая станцыя на частаце 612 кiлагерцаў або 490 метраў навогул самая моцная ў дыяпазоне сярэднiх хваляў, i таму як слухаць нас там — тлумачыць не трэба. — А што рабiць тым, хто жыве за 100 i больш кiламетраў ад Вiльнюса? — Умовы прыёму на сярэднiх хвалях адрознiваюцца ў залежнасцi ад таго, цёмна цяпер за акном цi светла. У светлую частку сутак да прымача даходзiць толькi гэтак званая наземная, або паверхневая, хваля — у нашым выпадку яна гасне на адлегласцi каля 200 кiламетраў ад Вiльнюса, далей на частаце 612 кiлагерцаў удзень нас не чуваць. У цёмную частку сутак пашыраюцца не толькi наземныя радыёхвалi, але i гэтак званыя нябесныя, або прасторавыя, хвалi, што значна пашырае далёкасць прыёму. Таму ўвечары сярэдняхвалевы дыяпазон запаўняецца галасамi шматлiкiх станцый, якiя працуюць на адлегласцi ў некалькi тысяч кiламетраў ад прымача. Для нас, з аднаго боку, гэта добра, бо сiгнал вiльнюскага перадатчыка можна прымаць на ўсёй тэрыторыi Беларусi. Але з другога боку — па-першае, у эфiры ў гэты час з`яўляюцца шматлiкiя станцыi-канкурэнты, а па-другое, наземная i нябесная хвалi могуць, накладаючыся адна на адну, узаемна гасiцца, i тады могуць утварацца своеасаблiвыя сляпыя зоны, дзе гэты сiгнал можа быць зусiм нячутны. Каб знайсцi аптымальны прыём на сярэднiх хвалях, мы даем некалькi парад. Прымач трэба ўключыць падчас нашага вяшчання (ад 6-й да 8-й ранiцы i ад 18.00 да поўначы) i паспрабаваць злавiць нашу хвалю на частаце 612 кiлагерцаў або 490 метраў (у залежнасцi ад таго, якая разметка ў вашым прымачы). Як толькi яе злавiлi — паспрабаваць павольна паварочваць прымач вакол вертыкальнай восi — як компас, пакуль не з`явiцца найлепшая чутнасць. Можна зрабiць наадварот — паварочваць, пакуль чутнасць будзе найгоршая, i затым развярнуць прымач на 90 градусаў. У iдэале прымач мусiць глядзець сваёй пярэдняй або задняй панэллю на паўночны захад — у бок Вiльнюса. Гэтую аперацыю варта паўтарыць у розных пакоях. Нагадаем, што больш падрабязныя парады можна пачуць у перадачы “Настрой на Свабоду”, якая звычайна выходзiць у эфiр па суботах. Дарэчы, пачынаючы з верасня ў рамках гэтай праграмы будуць праводзiцца штомесячныя конкурсы з галоўным прызам — прымачом Grundig.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|