Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве крытыкуюць Беларусь 11:02, 20/09/2005
19 верасня ў Варшаве пачалася Х канфэрэнцыя АБСЭ, прысьвечаная пытаньням выкананьня абавязацельстваў у гэтак званым “чалавечым вымярэньні” – такі назоў маюць абавязацельствы краінаў-сяброў АБСЭ ў справах правоў чалавека і дэмакратызацыі. Ужо ў першыя хвіліны форуму, у якім бяруць удзел каля тысячы экспэртаў, палітыкаў і праваабаронцаў з 55 краінаў АБСЭ, былі ўзьнятыя пытаньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, паведаміла «Радыё Свабода».
Прамаўляючы ў часе адкрыцьця канфэрэнцыі ад імя запрашаючага боку – польскага ўраду, намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Пятро Сьвітальскі заявіў, што дэмакратычныя перамены ва Ўкраіне, Грузіі й Кіргізстане пацьвердзілі слушнасьць ідэяў і прынцыпаў АБСЭ, а таксама сьведчаць аб няслушнасьці сьцьвярджэньня, што на постсавецкай прасторы ёсьць толькі адзін цэнтар уплыву, да якога цягнуцца ўсе краіны рэгіёну.
“Мы вельмі шчасьлівыя і задаволеныя трыюмфам дэмакратыі й закону ва Ўкраіне і адначасова вельмі занепакоеныя адсутнасьцю гэтых каштоўнасьцяў у іншага нашага суседа – Беларусі.
Апошнія падзеі ў гэтай краіне паказваюць, што ўзмоцнены перасьлед грамадзянскай супольнасьці, здушэньне апазыцыі і вольных мэдыяў працягваюцца. Мы рашуча асуджаем, сярод іншага, апошнія захады беларускіх уладаў супраць Саюзу палякаў Беларусі і ўмяшальніцтва дзяржаўных структураў у справы недзяржаўных арганізацыяў...
Пашырэньне каштоўнасьцяў свабоды і годнасьці немагчыма спыніць. Свабода, гэта справа часу, хаця, канечне, сама яна не прыйдзе”, -- заявіў Сьвітальскі.
Спадар Сьвітальскі выказаў спадзяваньне, што праблема Беларусі будзе адкрыта і шчыра абмеркаваная ў часе канфэрэнцыі. Ягоную пазыцыю падтрымаў і афіцыйны прадстаўнік Кіргізстану, які прамаўляў пазьней.