|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Зміцер Бандарэнка: «На працягу гэтага году ў нас ёсьць шанец пераламіць сытуацыю» 13:42, 21/09/2005 -- Скажыце адразу, што для вас, для каардынаванай Вамі ініцыятывы азначае памянёная пастанова? -- Для "Хартыі-97" гэта фактычна нічога не зьмяняе, таму што мы не рэгістраваліся і не плянуем рэгістравацца. А для дзясяткаў іншых ініцыятываў, якія раней зьяўляліся зарэгістраванымі недзяржаўнымі арганізацыямі і былі пазбаўленыя рэгістрацыі тым жа самым Мінюстам, сытуацыя становіцца вельмі дзіўнай. Напачатку аб`яднаньні людзей пазбавілі рэгістрацыі, і гэта большасьць аб`яднаньняў, дзе, на думку ўладаў, працавалі апазыцыянэры, а сёньня гэтыя аб`яднаньні, якія не зьвярнулі працы, зноў павінныя зарэгістравацца.. Таму я лічу, што дзеяньні міністра Галаванава - гэта вар`яцтва. Альбо гэта ўжо такая пасьлядоўная фашызацыя, таталітарызацыя беларускага рэжыму. -- Зьміцер, у сытуацыі такога татальнага кантролю палітычнай актыўнасьці, на Вашую думку, якую тактыку могуць, павінныя абраць апазыцыйныя сілы? Што грамадзянская супольнасьць можа проціпаставіць? -- Мэта гэтых дзеяньняў адна: разьяднаць людзей і запалохаць. Наша задача: аб`яднацца, даць адпор, згуртавацца і перамагчы. У нас зараз ёсьць такі шанец - на працягу гэтага году, перад выбарамі - можна пераламіць сытуацыю. Альбо Беларусь пагрузіцца зноўку ў багну таталітарызму на дзясяткі гадоў, альбо мы пераможам, і нашая Беларусь стане вольнай і дэмакратычнай. І для гэтага патрэбна каардынацыя дзеяньняў, патрэбная асабістая мужнасьць. -- Паўтара тыдня застаецца да Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэты кангрэс, на Вашую думку, і ёсьць такая каардынацыя дзеяньняў? -- “Хартыя-97” ня будзе ўдзельнічаць у кангрэсе, таму што мы заявілі, што будзем працаваць на ніве грамадзянскай супольнасьці. Але, безумоўна, мы вітаем аб`яднаньне палітычных партыяў, аб`яднаньне тых структураў, якія непасрэдна ставяць перад сабой палітычныя мэты, мэты прыходу да ўлады, зьмены ўлады. Я лічу, што гэта вельмі карысны крок. Мы спадзяемся, што гэта дасьць плён беларускім палітычным дэмакратычным сілам. Чалавек, які будзе абраны адзіным дэмакратычным кандыдатам, за пэўны пэрыяд да выбараў возьме на сябе адказнасьць, сфармуе штаб, здолее наладзіць прадуманую эфэктыўную работу. І гэта дае пэўныя спадзяваньні на перамогу дэмакратычных сілаў. -- Зьміцер, а ці падтрымае такога чалавека "Хартыя-97"? -- Мы ня будзем займаццца падтрымкай кандыдата, мы пасьлядоўна будзем змагацца за тое, каб правы людзей пад час выбарчай кампаніі хаця б мінімальна захоўваліся, мы будзем фіксаваць выпадкі парушэньняў з боку ўладаў, мы будзем займацца мабілізацыйнай кампаніяй. Мы кажам: людзі, прыйдзіце на выбары, выбярыце свайго кандыдата. Падабаецца вам Лукашэнка - добра, падабаецца вам іншы кандыдат - прыйдзіце і прагаласуйце. Але не павінна быць ніякіх перашкод гэтаму працэсу. І калі ўлада ня будзе захоўваць сумленных правілаў гульні, то мы будзем з гэтым змагацца. -- Нярэдка ў асяродзьдзі апанэнтаў беларускага рэжыму гучыць крытыка на адрас заходніх структур, які яў той ці іншай ступені, тымі ці іншымі спосабамі падтрымліваюць беларускія апазыцыйныя сілы. Наколькі эфэктыўная гэтая дапамога? Якой дапамогі хацелася б? -- Я ўжо калісьці казаў, што існуе так званы чорны інтэрнацыянал. Мы чуем, як Лукашэнка абараняе Мілошавіча, Хусэйна, Паўночную Карэю. Гэтыя рэжымы дапамагаюць адно аднаму фінансава, арганізацыйна, абменьваюцца інфармацыяй аб палітычных апанэнтах. Гэта існуе і на постсавецкай прасторы. Таксама павінна быць і дэмакратычная салідарнасьць. Як дэмакраты мы разьлічваем на дапамогу з боку дэмакратычных краінаў. Але, на жаль, шмат год падыходы большасці дэмакратычных краінаў да Беларусі былі памылковымі. Існавала тэндэнцыя, што беларускага дыктатара можна перавыхаваць. Нават нядаўна мы чулі заяву маршалка Сэйму Польшчы Цімашэвіча, што Польшча выступала супраць санкцыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму, падтрымлівала з ім добрыя стасункі, а тут няспадзяванка - такое стаўленьне да Саюзу палякаў Беларусі. Гэта й ёсьць вынікам памылковых падыходаў. Мы кажам пра тое, што неабходна патрабаваць захаваньня Беларусьсю тых міжнародных абавязацельстваў, які ўзялі на сябе беларускія ўлады. І быць у гэтай палітыцы пасьлядоўным.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|