Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Грамадзкіх дзячоў будуць арыштоўваць? 16:27, 23/09/2005
Міністар юстыцыі патрабуе выконваць пастанову пра абавязковую рэгістрацыю. Дзеля гэтага Мін’юст зьбіраецца дзейнічаць у адпаведнасьці заканадаўствам, заявіў міністар Уладзімер Галаванаў. 13 верасьня міністэрства выдала пастанову, згодна зь якой блёкі палітычных партыяў і прафсаюзаў, а таксама рухі, ініцыятывы і кааліцыі грамадзянаў павінны мець дзяржаўную рэгістрацыю. Дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх структураў на тэрыторыі Беларусі забараняецца.
Міністэрства юстыцыі, паводле спадара Галаванава, не пацерпіць ігнараваньня пастановы:
“Калі будзе ігнаравацца ўказаньне Міністэрства юстыцыі, калі грамадзкія аб’яднаньні і рухі, пра якія ідзе гаворка ў пастанове Міністэрства юстыцыі, будуць працаваць не ў прававым полі, не зарэгіструюцца ва ўстаноўленым парадку, Міністэрства юстыцыі будзе дзейнічаць у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам”.
Спадар Галаванаў не патлумачыў, якія канкрэтна пакараньні чакаюць тых, хто не зарэгіструе сваіх блёкаў, рухаў, ініцыятываў і кааліцыяў. Ён таксама паведаміў, што міністэрства ня будзе пакуль ініцыяваць зьмены ў Адміністрацыйны кодэкс. Разам з тым, ён цьвёрда заявіў, што гэтая сфэра будзе ўпарадкаваная. Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што ўлады прыдумаюць якое заўгодна пакараньне для ініцыятыўных асобаў і палітычных апанэнтаў:
“Той жа супрацоўнік Міністэрства юстыцыі запросіць і пачне наракаць. Могуць прымяніць меры адміністрацыйнай адказнасьці і гэтак далей. Вядома, у турму саджаць ня будуць, але на суткі пасадзіць могуць. Штраф могуць даць. Усё гэта будзе падпадаць пад адміністрацыйныя правапарушэньні”, -- паведаміў праваабаронца “Радыё Свабода”.