Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Факсам па рэжыму» – акцыя беларускай апазіцыі ў Варшаве 12:53, 23/09/2005
“Факсам па рэжыму” – пад такім лозунгам 22 верасня адбылася акцыя ў Варшаве, зладжаная сумеснымі высілкамі “Зьвязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” і маладзёвай арганізацыяй “Партыі Права і Справядлівасьці”. У цэнтры Варшавы ўдзельнікі акцыі распаўсюдзілі зварот да прадстаўнікоў беларускіх уладаў з заклікам прыпыніць рэпрэсіі ў дачыненні да беларускай дэмакратычнай грамадскасці: “Я, грамадзянін аб’яднанай Эўропы, выказваю глыбокую заклапочанасьць варункамі, у якіх знаходзяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку польскай этнічнай меншасьці, - гаворыцца у факсе-звароце. – Відавочна, што правы грамадзянаў, гарантаваныя Канстцытуцыяй РБ і Эўрапейскай Канвенцыяй па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у сферы палітычных і грамадзянскіх свабод, якіх прытрымліваюцца краіны Эўрапейскага Саюзу, у Беларусі, на жаль, застаюцца ўсяго толькі на паперы”.
У акцыі пратэсту, што пачалася каля беларускай амбасады ў Варшаве, узялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі беларускай палітычнай эміграцыі.
Планавалася, што дзеячы руху “Салідарнасьць” перададуць у амбасаду петыцыі з выказваннем пратэсту супраць дзеянняў беларускіх уладаў датычна грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Але перадача петыцыі так і не адбылася: польскіх палітыкаў у гэты дзень ў амбасадзе “яўна не чакалі”... Таму папера “з пажаданнямі” для афіцыйнага Мінску будзе даслана беларускім дыпламатам праз пошту.
Акцыя засведчыла, што ўвага да беларускіх праблемаў з боку Польшчы насамрэч вялікая. Многія жыхары Варшавы, якія беглі па сваіх справах, прыпыняліся і ня толькі бралі факсы-звароты, але й выказвалі словы падтрымкі і салідарнасьці дэмакратычнай Беларусі.