Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На парлямэнцкіх выбарах у Польшчы перамаглі правыя 10:49, 26/09/2005
У нядзелю ў Польшчы адбыліся выбары ў Сэйм і Сэнат – верхнюю і ніжнюю палаты польскага парлямэнту. Паводле папярэдніх дадзеных адразу некалькіх незалежных апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў, гэтак званых “exit polls”, правацэнтрысцкая партыя “Закон і справядлівасьць” атрымала каля 28% галасоў, а іхнія бліжэйшыя канкурэнты – лібэралы з “Грамадзянскай плятформы” – на 3% меней. Абедзьве партыі, якія, дарэчы, атрымалі амаль 100% галасоў і ў Сэнаце, яшчэ да выбараў заяўлялі, што пасьля галасаваньня створаць кааліцыю і дзеля гэтага ў іх мандатаў больш чым дастаткова.
Камэнтуючы “Радыё Свабода” вынікі галасаваньня, адзін зь лідэраў партыі “Закон і справядлівасьць” Зьбігнеў Васэрман заявіў:
“Наша перамога цалкам справядлівая. Выбаршчыкі ацанілі належным чынам нашу цяжкую працу цягам 4 гадоў. У мінулым парлямэнце ў нас атрымалася шмат што зрабіць, нягледзячы на тое, што наша партыя была ў апазыцыі, гэта была невялікая група дэпутатаў”.
На трэцім месцы даволі нечакана апынуўся Саюз левых дэмакратаў (СЛД) – гэта партыя, якая цяпер кіруе Польшчай, але якая цягам апошніх чатырох гадоў настолькі страціла папулярнасьць, што некаторыя назіральнікі сьцьвярджалі, што яна ўвогуле не патрапіць у парлямэнт. Але тут хутчэй за ўсё СЛД дапамагла падтрымка прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага, які ў апошнія дні перад выбарамі падтрымаў гэтую партыю, заявіўшы, што ў парлямэнце патрэбная моцная апазыцыя ў выглядзе левых сілаў.
Аднак выглядае што ні СЛД, ні яшчэ тры партыі, якія, ізноў жа паводле папярэдніх дадзеных, будуць у парлямэнце – а гэта кансэрватыўная “Ліга польскіх сем’яў”, папулісцкая “Самаабарона” і сялянская “Польская народная партыя” – ня будуць мець значнага ўплыву на сытуацыю ў краіне цягам наступных чатырох гадоў.
Зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што новы польскі ўрад будзе займаць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам, чым цяперашні, посткамуністычны кабінэт міністраў, лічыць “Радыё Свабода”. І “Грамадзянская плятформа” і “Закон і справядлівасьць” вельмі актыўна займаліся беларускімі пытаньнямі, калі былі ў апазыцыі. Прадстаўнікі абедзьвюх партыяў неаднаразова наведвалі Беларусь,у тым ліку і ў часе апошніх падзеяў вакол Саюзу палякаў Беларусі, ладзілі шматлікія акцыі ў Польшчы ў падтрымку дэмакратыі Беларусі, лабіравалі і лабіруюць беларускія пытаньні ў Эўрапарлямэнце. Варта нагадаць яшчэ, што “Закон і справядлівасьць” мае дамову аб партнэрстве зь Беларускім Народным Фронтам, а “Грамадзянская плятформа” з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.
Напярэдадні выбараў лідэры абедзьвюх партыяў неаднаразова дэкляравалі, што і надалей будуць надаваць беларускім справам значную ўвагу, але ўжо маючы значна больш магчымасьцяў для ўплыву на сытуацыю.
Натуральна, што вынікі парлямэнцкіх выбараў несумненна паўплываюць на хаду прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Польшчы 9 кастычніка. Паводле апошніх апытаньняў, найбольш верагодны пераможца прэзыдэнцкіх выбараў – лідэр “Грамадзянскай плятформы” Дональд Туск. На другім месцы прадстаўнік партыі “Закон і справядлівасьць” Лех Качыньскі – брат будучага прэм’ера Яраслава Качыньскага. Апытаньні таксама паказваюць, што большасьць палякаў ня хочуць, каб дзьве найважнейшыя пасады ў дзяржаве займалі браты, таму перамога “Права і справядлівасьці” у парлямэнцкіх выбарах, хутчэй за ўсё, будзе на карысьць Дональда Туска. Магчыма, ён выйграе нават у першым туры, бо ўжо цяпер спадара Туска падтрымліваюць 45% палякаў.
Афіцыйныя канчатковыя вынікі выбараў будуць вядомыя ў аўторак увечары.