Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Напярэдадні кангрэсу дэмакратычных сіл газэта "Свободные новости-плюс" прапанавала сваім чытачам вызначыцца з пераможцам сярод асноўных прэтэндэнтаў на ролю адзінага апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Цягам двух тыдняў рэдакцыя атрымала каля сямісот прапаноў.
Найперш варта зазначыць, што беларуская прэса ў апошні час вельмі рэдка займаецца своеасаблівым палітычным "зандажом" сваёй чытацкай аўдыторыі. Мабыць таму анкета "Свободных новостей" і выклікала надзвычайную цікавасьць. Лісты са сваімі прапановамі (а ішлі яны амаль з усіх раёнаў краіны) дасылалі ня толькі сталыя чытачы штотыднёвіка, але й тыя, хто выпадкова даведаўся пра творчую акцыю рэдакцыі.
"Чытачы нашы -- гэта электарат, які знаходзіцца паміж актыўнымі прыхільнікамі дзеючага прэзыдэнта і адкрыта апазыцыйнымі людзьмі. Гэта людзі ад 30 да 50 гадоў, не багатыя, але й ня бедныя, гэта тэхнічная інтэлігенцыя, настаўнікі, выкладчыкі, дробны і сярэдні бізнэс -- наагул тая база, на якую маглі разьлічваць апазыцыйныя палітыкі пры добрым раскладзе", -- расказаў “Радыё Свабода” галоўны рэдактар "СН-плюс" Васіль Зданюк.
Паводле чытачоў "Свободных новостей-плюс", у лідэрах – лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і грамадзкі дзеяч Аляксандар Мілінкевіч.
"Лябедзьку лічаць маладым, энэргічным палітыкам, які мае досьвед міжнароднай дзейнасьці. У Мілінкевіча адзначаюць адукаванасьць, вернасьць традыцыям, беларускай нацыянальнай ідэі", -- паведаміў Зданюк.
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі электаральныя настроі знаходзяцца пад пільным пастаянным кантролем розных сацыялягічных службаў. Ці адпавядаюць дадзеныя прафэсіяналаў аматарскаму журналісцкаму дасьледаваньню?
"Ёсьць нейкая блізкасьць паміж вынікамі газэты "Свободные новости" і тымі, якія атрымліваем мы, прафэсійныя сацыёлягі. Па дадзеных нацыянальных апытаньняў грамадзкай думкі, якія праводзіў наш інстытут, Інстытут Гэлапа, на першым месцы знаходзіцца Анатоль Лябедзька", -- паведаміў “Радыё Свабода” доктар сацыялёгіі, прафэсар Алег Манаеў.