Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пераязджае ў Менск 15:54, 03/10/2005
Абраны на Кангрэсе дэмакратычных сілаў адзіны кандыдат на будучыя прэзыдэнцкія выбары ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч разам з кааліцыяй пачынае рэалізацыю рашэньняў Кангрэсу. Стала дзейная рада апазыцыйных сілаў, так званая “дзясятка”, пераўтвараецца ў Палітычную раду дэмакратычных сілаў. Пачынаецца фармаваньне Нацыянальнага камітэту і перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата.
Адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году Аляксандар Мілінкевіч заявіў “Радыё Свабода”, што разам з жонкай пераязджае з Гародні ў Менск, дзе будзе знаходзіцца ягоны перадвыбарчы штаб. Стварэньне перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ўскладзенае кангрэсам на Аляксандра Мілінкевіча:
“Першая кансультацыя будзе заўтра, мы сустрэнемся для пачатку ўтрох – тыя, што канкуравалі паміж сабой: Лябедзька, Калякін, Мілінкевіч. Мы абгаворым, як будзем будаваць супрацоўніцтва. А потым будзе нарада ўсёй дзясяткі, і будзем ствараць каманду. Як бы каманда ўжо ёсьць, ёсьць дзясятка са структурамі па ўсёй краіне, але трэба яе зараз пабудаваць, каб яна была эфэктыўнай,” – паведамміў Мілінкевіч.
Спадар Мілінкевіч зазначыў, што плянуе прапанаваць кіраўніцтва перадвыбарчым штабам Анатолю Лябедзьку, і хоча, каб там працавала максымальная колькасьць кіраўнікоў партыяў.
Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі на чале з адзіным кандыдатам ужо ўтвораная кангрэсам,– яна замяшчае так званую дзясятку, што дзейнічала дагэтуль. Паводле спадара Мілінкевіча, гэтая рада можа быць пашыраная за кошт іншых палітычных сілаў, якія пагодзяцца далучыцца. У склад гэтай рады мае быць кааптаваны старшыня Нацыянальнага камітэту, што будзе сфармаваны з ліку спэцыялістаў, мэнэджэраў, навукоўцаў.
Нацыянальны камітэт мае быць сфармаваны бліжэйшым часам, ён зоймецца распрацоўкай праграмаў рэформаў, якія будуць ажыцьцёўленыя ў выпадку прыходу апазыцыі да ўлады. На пасаду кіраўніка гэтай структуры прапаноўваецца экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, і паводле спадара Мілінкевіча, ён даў папярэднюю згоду.