Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былы дырэктар ЦРУ: «Лукашэнка – надзвычай брутальны чалавек» 15:36, 10/10/2005
Учора ў Празе пачалася традыцыйная канфэрэнцыя “Форум-2000”. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі – былы кіраўнік амэрыканскай няўрадавай арганізацыі "Freedom House", былы дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсі. Спадар Вулсі адказаў на некалькі пытаньняў карэспандэнта «Радыё Свабода» Аляксея Знаткевіча.
-- Як вы ацэньваеце сытуацыю ў Беларусі і што для яе зьмены можа зрабіць міжнародная супольнасьць?
-- Беларусь будзе вельмі цьвёрдым арэшкам, бо Лукашэнка – надзвычай брутальны чалавек. І я думаю, мы маглі б бачыць нейкія зьмены накшталт тых, якія адбыліся ў Грузіі і часткова ва Ўкраіне і Кіргізстане, але я не прадбачу іх зараз жа. На маю думку што важна – дык гэта дапамагчы будаваць грамадзянскую супольнасьць, студэнцкія, няўрадавыя ды іншыя арганізацыі, якія ФСБ і Пуцін так ненавідзяць. Таму нейкім чынам, я б сказаў, што Пуцін і Лукашэнка ў гэтым пытаньні, вельмі добра задаюць кірунак дзеяньняў, яны – нешта накшталт флюгераў, павернутых назад. Калі дапусьціць, што яны паказваюць у абсалютна няправільным кірунку – нам варта было б рабіць усё тое, чым яны незадаволеныя, мы павінны дапамагчы адбыцца ўсяму, што ім не падабаецца. Вось жа ім пакуль што вельмі недаспадобы ідэя незалежных арганізацыяў – напрыклад студэнцкіх, якія заклікаюць да сапраўдных выбараў. І якраз нагэтулькі, на маю думку, мы павінны зразумець, што Захад павінен падтрымваць менавіта такія рэчы.
-- Спадар Вулсі, Вы ўжо прыгадалі расейскую ФСБ, у траўні яе кіраўнік Мікалай Патрушаў з трыбуны дзяржаўнай Думы абвінаваціў заходнія няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць ў Расеі і іншых краінах СНД, у падрыўной дзейнасьці. Паводле Патрушава гэтыя арганізацыі наўпрост зьвязаныя з выведкамі заходніх краінаў. Што на гэтыя абвінавачваньні маглі адказаць Вы – былы кіраўнік адной з такіх арганізацыяў – "Freedom House" і таксама былы кіраўнік ЦРУ?
-- Вядома ж, няма ніякай сувязі паміж выведнымі службамі і арганізацыяй "Freedom House". Гэта тыповы прыклад параноі – вінаваціць зьнешні сьвет. Гэта падыход, да якога зноў вяртаюцца расейскія службы бясьпекі. Быў такі час на пачатку 90-х, калі мы працавалі ў даволі добрым узаемадзеяньні з расейскімі спэцслужбамі. Але цяпер яны відавочна вырашылі паспрабаваць зваліць віну на заходнія службы бясьпекі за свой ухіл у бок фашызму. Гэта сапраўды сорамна, і на жаль, у гэтым пазнаецца вядомая нам з гісторыі схема.